Мікалай Дзядок сам сабе параніў жывот і рукі



Раніцай 20 траўня палітвязень Мікалай Дзядок параніў сабе жывот і рукі, пасля чаго быў змешчаны ў медчастку, паведамляе spring96.org.

Мікалай Дзядок

Як паведаміла праваабаронцам “Вясны” жонка палітзняволенага Валерыя Хоціна, Мікалая Дзядка 12 траўня перавялі ў новае месца адбыцця пакарання – у калонію ПК-9 у Горках. 13 траўня ён быў змешчаны ў штрафны ізалятар, дзе правёў 5 сутак. 19 траўня яго зноў адправілі у адзіночку штрафнога ізалятара. З-за вельмі нізкай тэмпературы Дзядок вельмі пакутаваў усю ноч, прасіў аб пераводзе ў іншае памяшканне.

Урэшце рэшт, каб звярнуць увагу дзяжурных па ШІЗА, раніцай 20 траўня Дзядок нанёс сабе рэзаныя раны жывата і рук, пасля чаго быў змешчаны ў медчастку. Пасля аказання першай дапамогі, Дзядка ізноў накіравалі ў тое ж халоднае памяшканне ШІЗА, дзе ён знаходзіўся да 26 мая. Па словах Валерыі Хоцінай, агулам Дзядок атрымаў за гэты непрацяглы час 4 спагнанні.