Мікалай Казлоў: Адстаўка Палякова не стала нечаканасцю



У адстаўку з пасады старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі сыйшоў Васіль Палякоў, які быў абраны толькі два з паловай месяцы таму. Выконваючым абавязкі кіраўніка АГП на паседжанні палітрады партыі прызначаны Мікалай Казлоў, які да гэтага быў намеснікам старшыні.

Па яго словах, адстаўка Палякова не стала для яго нечаканасцю:

– Ён, канешне, гаварыў пра гэта нашмат раней, не на палітрадзе. У нас была з ім размова. Мяне гэта засмуціла. Скажу па праўдзе, на з’ездзе я галасаваў за Васіля Палякова. І сказаць, што гэтае прызначэнне было для мяне жаданым, я б не сказаў. Так здарылася. Я адчуваю сябе часткай партыі, улічваючы рашэнне Васіля, я з ім пагадзіўся і лічу, што ён адзін з самых дасведчаных партыйцаў і спецыялістаў.

Як сказаў Мікалай Казлоў, ён шкадуе аб рашэнні Васіля Палякова, але партыя павінна актыўна працаваць і надалей. Асабліва напярэдадні  вялікіх электаральных кампаній – выбараў у Палату прадстаўнікоў і прэзідэнцкіх выбараў.

Выконваць абавязкі старшыні партыі Мікалай Казлоў будзе да наступнага з’езду партыі, які, у сувязі з набліжаючыміся выбарамі, можа быць і пазачарговым. 

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск