Мікалай Казлоў: Гэта чаканая, зразумелая рэакцыя



Краіны дэмакратычнага Захаду пачалі жорстка адказваць на дзеянні беларускага рэжыму. Падштурхнуў іх да гэтага перахоп еўрапейскага лайнеру з Афінаў у Вільню і арышт апазіцыйнага блогера Рамана Пратасевіча, які ляцеў гэтым рэйсам. У адказ, – забарона палётаў беларускіх самалётаў у краіны дэмакратычнага Захаду, аблёт тэрыторыі Беларусі заходнімі самалётамі. А наперадзе ўступленне ў сілу санкцый ЗША і чацвёрты пакет санкцыяў Еўразвязу.

Па словах старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Мікалая Казлова, гэта чаканая, зразумелая рэакцыя.

– Рэакцыя, якая была чаканай. Проста іншае пытанне, што Аляксандр Лукашэнка прывык да беспакаранасці, таму што ўсе яго ўчынкі, якія супярэчылі міжнароднаму праву, здароваму сэнсу, яны заўсёды выклікалі толькі занепакоенасць. І вось упершыню, напэўна, калі Еўрапейскі звяз ад занепакоенасці перайшоў да санкцыяў. Нічога тут дзіўнага. Таму што рызыкі падвергліся грамадзяне Еўразвязу, і яны гатовы адстойваць іх інтарэсы.

Зараз сітуацыя набліжаецца да таго, што ўладам Беларусі з боку дэмакратычных краінаў пагражае поўны байкот. Па словах Мікалая Казлова, калі казаць простымі словам, то і Еўропа і Амерыка ўсяляк паказваюць беларускаму рэжыму, што  калі вы фабрыкуеце справы, забіваеце людзей на вачах ва ўсяго свету, не праводзіце расследаванняў злачынстваў супраць пратэстуючых, то з вамі мы не будзем мець ніякіх справаў. Ні прадаваць, ні набываць, ні пазычаць грошай.

„Тут як у жыцці – калі вы некім пагарджаеце, лічыце злачынцам і бандытам, то спыняеце ўсялякія адносіны. Так і ў адносінах паміж краінамі,” – кажа Мікалай Казлоў.

Беларускае Радыё Рацыя