Мікалай Казлоў: Іх хвалююць пасады, заробкі і званні



Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы з міністрам абароны.

2 верасня выконваючы абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалай Казлоў і экс-кіраўнік партыі Анатоль Лябедзька сустрэліся з міністрам абароны Віктарам Хрэніным і іншымі кіраўнікамі ваеннага ведамства.

Мікалай Казлоў: Я б не сказаў, што сустрэча дала вялікі плён. Відавочна, што ні сам міністр, ні яго атачэнне не гатовы да дыялогу з грамадзянскай супольнасцю. Яны лічаць, што маюць поўнае права паступаць так, як ім загадаюць. Законна гэта альбо незаконна – не асабліва некага хвалюе.

Я спрабаваў данесці, што выконваць незаконныя загады – гэта няправільна, а спроба ўцягнуць вайскоўцаў у палітычныя працэсы – гэта злачынства і ганьба для арміі.

Але, як я зразумеў, гэта пытанне Міністэрства абароны не вельмі хвалюе. Іх хвалююць пасады, заробкі і званні.

Хаця ўвогуле я задаволены сустрэчай. Мы ўсё-такі данеслі да кіраўніцтва ваеннага ведамства нашы погляды і пазіцыю, мяркую, большасці грамадзян краіны.

РР: Колькі працягвалася сустрэча?

Мікалай Казлоў: Каля гадзіны, хаця і пасля сустрэчы я не зразумеў, навошта было выводзіць ваенную тэхніку ў цэнтр сталіцы, калі не было ніякіх пагромаў з боку людзей? І калі прапагандысты кажуць, што сёння па горадзе бегаюць нейкія экстрэмісты – гэта абсалютная лухта.

Прыдумалі, што войскі НАТА лязгаюць зброяй на заходніх межах. Дык навошта вы тады вайскоўцаў у цэнтры Менска выстаўляеце, а не на заходняй мяжы? Ці можа гэта пераапранутыя натаўцы выходзілі з мірнымі пратэстамі?

Адным словам, добра, што сустрэча адбылася, але, як мне падалося, кожны застаўся пры сваім. А, магчыма, усё яны добра разумеюць, але трымаюцца за пасады, а таму вымушаны трансляваць не тое, што думаюць.

Кастусь Заблоцкі Беларускае Радыё Рацыя