Мікалай Казлоў: Хочуць прымусіць жыць не па законе, а па іх паняццях



Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў пракаментаваў апошнія судовыя выракі і распавёў, чаму сёння ў краіне расквітнела беззаконне.

Мікалай Казлоў: Я сам хаджу на некаторыя суды, бачу, што адбываецца, і якія рашэнні выносяць суддзі. І хачу сказаць, што зараз абсалютна публічна топчуць нагамі і законнасць, і вяршэнства права. Гэта ўсё робіцца дастаткова цынічна, і мы з’яўляемся сведкамі гэтага.

Першае –  мы бачым, як у большасці выпадкаў фабрыкуюцца крымінальныя справы. Многія рэчы, якія не дацягваюць нават да адміністрацыйнага пакарання, кваліфікуюць як крымінальныя злачынствы. І гэта таксама зразумела. З аднаго боку хочуць запалохаць. З іншага  – некаторыя людзі, якім бракуе прафесійных якасцей, спрабуюць такім чынам выслужыцца. На жаль, такіх дастаткова шмат.

Другі этап – дзейнасць пракуратуры, якая заплюшчвае вочы на вышэйзгаданае, хаця павінна даваць па руках тым сілавікам, якія парушаюць закон.

РР: Наколькі суды выносяць адэкватныя рашэнні па палітычных справах?

Мікалай Казлоў: Тут наогул не хочацца нічога каментаваць, бо слоў не падабраць. Мы жывем у час, калі пры ўладзе сабралася група людзей, якая спрабуе прымусіць астатніх жыць не па законе, а па іх паняццях. Прымушае змірыцца з тым, што мы  – не грамадзяне, а прыгонныя, якіх можна высекчы ў той момант, калі гэтага захоча пан.

РР: Якія вашы далейшыя прагнозы?

Мікалай Казлоў: Рэжым працягне заціскаць грамадства, а грамадства павінна будзе ў гэтых умовах выжываць. Таму трэба нейкім чынам не толькі выжыць, але і захаваць гонар, не апусціцца да ўзроўню бяспраўных прыгонных без права мець голас. Калі апусцімся, то нашчадкі нам гэтага не даруюць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя