Мікалай Казлоў: Лукашэнку ўжо не вераць
Адна з галоўных праблемаў Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што яму ўжо не вераць, – лічыць кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, аналізуючы перадвыбарнае пасланне кіраўніка дзяржавы.
Так, інфармацыю пра затрыманых расейскіх баевікоў з недаверам і іроніяй ўспрынялі ў грамадстве таму, што раней напярэдадні кожных выбараў былі і атручаныя пацукі ў вадаправодзе, і зброя ў нейкіх гаражах, і прарывы мяжы, і „Белы легіён” і шмат чаго яшчэ. Як толькі выбары канчаліся, усе гэтыя абсурдныя і тупыя пастановачныя справы знікалі і хутка забываліся, – нагадвае Мікалай Казлоў:
– Таму не трэба здзіўляцца. Усё гэта стварала рэпутацыю нашай улады, як улады ілжывай, улады ганебнай, гатовай ісці на ўсё, каб вырашыць сваю праблему. А праблема толькі адна – застацца ва ўладзе. Зараз пераходзім да баевікоў. Калі гэта так сур’ёзна, то тады, відаць, трэба ўсталяваць мяжу. Трэба выйсці з Саюзнай дамовы, раз саюзнік адпраўляе сюды вайсковыя падраздзяленні. Калі Лукашэнка сапраўды да гэтага сур’ёзна адносіцца.
Але ўлады не ідуць на такія крокі. І таму заканамерна ўзнікаюць сумневы, ці не чарговая гэта інсцэніроўка і танны спектакль? – кажа Мікалай Казлоў.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
