Мікалай Казлоў: Мэта Расеі відавочная – далучыць Беларусь
Дамова аб стварэнні Саюзу Расеі і Беларусі пагражае суверэнітэту Беларусі і падлягае тэрміновай дэнансацыі, – лічыць кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў.
Ён прыняў удзел у мітынгу супраць новых дамоўленасцяў паміж Расеяй і Беларуссю, якія могуць быць падпісаныя ў межах працэсу паглыблення інтэграцыі і яшчэ больш абмяжуюць беларускі суверэнітэт. Нягледзячы на тое, што Аляксандр Лукашэнка абяцае не падпісваць ніводнага дакуманту, які парушае Канстытуцыю краіны і пагражае яе суверэнітэту, у рэальнасці ён вымушаны паступова, крок за крокам прадаваць Беларусь.
– Таму што мэта Расеі відавочная – далучыць Беларусь. Мэта Пуціна відавочная – застацца ва ўладзе і змяніць Канстытуцыю. Гэта можа не здарыцца заўтра, але да гэтага ўсё ідзе. І калі мы не будзем пратэставаць, калі мы не будзем выходзіць на вуліцу, калі мы не будзем заяўляць пра сваю пазіцыю, то так і адбудзецца. Лукашэнка ўжо ўспрымае беларускі народ як сваіх прыгонных. Ён не лічыць патрэбным з ім раіцца, гаварыць, паведамляць нават не лічыць. Трэба не забываць, што Беларусь – гэта самастойная, незалежная дзяржава. Ніякай інтэграцыі. Ёсць практыка звычайных узаемавыгадных, добрасуседскіх дагавораў.
Па гэтаму шляху і трэба ісці. А дамова аб стварэнні саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, улічваючы хутка нарастаючыя апетыты Крамля, падлягае тэрміновай дэнансацыі, – лічыць Мікола Казлоў.
Беларускае Радыё Рацыя