Мікалай Казлоў: Нас могуць прадаць абсалютна раптоўна
У Маскве адбываецца паседжанне Саўміна саюзнай дзяржавы. Перад яго пачаткам прэмьер-міністр Беларусі Сяргей Румас заявіў, што далейшая інтэграцыя ў рамках гэтай дзяржавы магчымая толькі ў звязцы з вырашэннем найбольш вострых расейска-беларускіх эканамічных пытанняў. З іншага боку, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка раней выказаўся, што не падпіша ніякіх дакументаў з Расеяй, якія супярэчыць Канстытуцыі і пагражаць суверэнітэту і незлежнасці краіны.
Па меркаванню выконваючага абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова, усе гэтыя выказванні – форма гандлю.
– Дадзіце газ, дадзіце нафту, дадзіце прэферэнцыю, дадзіце крэдыты – будзем аб’ядноўвацца, наколькі гэта магчыма, наколькі дазволяць беларусы. Я думаю, калі ідзе працэс і калі пачынаюць гаварыць, а ў кожнага свая пазіцыя, у выніку ў любым выпадку Беларусь прайграе. Улічваючы тое, што на чале краіны стаіць Лукашэнка з ягонымі паводзінамі і настроямі, улічваючы, што ў нас абсалютна няма незалежных галін улады, уся дзяржаўная структура падпарадкавана волі аднаго чалавека. Я нічога добрага не чакаю. Гэта значыць, што нас могуць прадаць абсалютна раптоўна.
Хаця, хутчэй за ўсё, працэс „паглыблення інтэграцыі” улады Расеі і Беларусі паспрабуюць зрабіць паступовым. 8 снежня, калі павінна адбыцца падпісанне пакета дакументаў у рамках Саюзнай дзяржавы, істотнага змяншэння беларускага суверэнітэту не будзе. Але нейкі крок у накірунку паглыбленай інтэрацыі з Расеяй усё ж будзе зроблены, — прагназуе Мікалай Казлоў. Таму што рэсурсаў для супраціву велізарнаму ціску з боку Крамля ў Лукашэнкі амаль няма. Затратная, моцна прывязаная да ўсходняй суседкі, мадэль эканомікі, якую беларускія ўлады так і не здолелі істотна рэфармаваць, не можа нармальна функцыянаваць без пастаяннай „падпідкі” з Расеі.
Беларускае Радыё Рацыя