Мікалай Казлоў: Ні адна сволач не схаваецца



Кожную нядзелю вось ужо амаль паўтары месяца пасля прэзідэнцкіх выбараў на вуліцы Менску і іншых беларускіх гарадоў выходзяць сотні тысячаў грамадзянаў.

Яны патрабуюць справядлівасці — справядлівых і сумленных выбараў, справядлівага расследавання бесчалавечных, злачынных дзеянняў міліцыі, якая катавала і нават забівала пратэстуючых. Улады адказваюць новымі рэпрэсіямі. Хто пераможа ў гэтым супрацьстаянні?

Пра гэта ў размове Генадзя Барбарыча з госцем Беларускага Радыё Рацыя, кіраўніком Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былым супрацоўнікам крымінальнага вышуку, падпалкоўнікам міліцыі ў запасе Мікалаем Казловым.

РР: На „Жаночым маршы” быў вялікі хапун, а сёння чаго чакаеце?

– Я думаю, што калі ў іх хопіць сіл, калі будзе многа людзей, хапуна будзе менш. Калі людзей будзе мала, то хапуна больш. Мы ж бачым, што Лукашэнка не адмаўляецца ад рэпрэсій, ён спрабуе па меры магчымасцяў іх нарошчваць, ён не страціў надзею запужаць людзей. Але я аднаго не разумею, уявім, гэта немагчыма, але ўявім, што ён застаўся. Ён думае, што ён застанецца, як ён будзе кіраваць, як ён будзе глядзець у вочы гэтым людзям, якіх збіваюць, якіх калечаць, у якіх страляюць на вуліцах. Як гэта магчыма? Яму б самому застрэліцца. Гэта ганьба Лукашэнку і сілавым структурам. Калі я і раней казаў, што дастаткова шмат добрых людзей у міліцыі, то цяпер я з вялікай доляй ўпэўненасці магу сказаць, што нармальныя людзі ўсе сышлі, засталіся падонкі. Я да іх хачу звярнуцца. Калі вы думаеце, што вы атрымаеце свае сярэбранікі, застанецеся і ўсё будзе ціха, то нават вы пры адсутнасці мазгоў не можаце не разумець, што гэта не можа працягвацца вечна. Што яшчэ пры вашым жыцці вас будуць саромецца дзеці, унукі, вашыя знаёмыя. Вы будзеце праклятыя людзьмі. Вось ездзіце, я гляджу на гэтыя самазадаволеныя твары, якіх апранулі, абулі за сродкі гэтых людзей, якія ідуць. Яны ездзяць выцягваюць жанчын, ну гэта ж ганьба. Усё што я магу сказаць. Я ведаю дакладна, што мы пераможам. Я ведаю дакладна, што ні адна сволач не схаваецца, ні адна сволач. Усё, што я ведаю, што ўмею, я пакладу на тое, каб не адна сволач не схавалася, не сышла ад пакарання, заслужанага пакарання. 

РР: Тэлеграм-канал NEXTA выклаў адрасы і асабістыя дадзеныя ўдзельнікаў рэпрэсій. 

– Гэта правільна, я лічу гэта правільна. Тое, што яны хаваюцца за маскамі ім гэта не дапаможа, вось не дапаможа. Яшчэ раз кажу, баўцеся, я зараз звяртаюся да гэтых „Алмазаў”, „АМАПаў”, спецназаўцам, усіх тых, хто лютуе зараз на вуліцах. Баўцеся, але памятайце, што расплата ўжо хутка. 

РР: Раней міліцыянты казалі: „Мы вас разганяем таму, што вас мала”. Калі выйдзе 100-200 тысяч, то мы самі пяройдзем на ваш бок. Але ж не пераходзяць, хаця выходзіла і па 100 і па 200, можа нават і па 300 тысяч у Менску.

– Па-першае, я думаю, пэўная частка сышла. Яна можа быць сышла без помпы, яна сышла без нейкіх паведамленняў у інтэрнэце. Яны справядліва пабойваюцца гучнага сыходу, каб не было нейкага пераследу, цалкам такое магчыма ўлічваючы подласць гэтага рэжыму. Я думаю, што значная колькасць людзей сышло, думаю, што сышлі ў асноўным прафесіяналы, якія ведаюць сабе цану. Засталіся людзі ні на што няздатныя галоўным чынам. У мяне такое адчуванне складаецца. Я ведаю, што следства сыходзіць, участковыя сыходзяць, многа людзей сышло.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

У размове з госцем Беларускага Радыё Рацыя, кіраўніком Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаем Казловым абмеркавана паслявыбарчае супрацьстаянне значнай часткі беларускага народу, які не пагаджаецца з фальшывымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў і ўлады, якая спрабуе пратэсты задушыць.

Беларускае Радыё Рацыя