Мікалай Казлоў перамог у анлайн-галасаванні на праймерыз апазіцыі



 Выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалай Казлоў атрымаў перамогу паводле вынікаў анлайн-галасавання на выбарах адзінага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі ад апазіцыі, якое завяршылася 30 красавіка.

Казлоў набраў 1.774 галасы. На другім месцы старшыня руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч (1.610 галасоў), на трэцім — сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Вольга Кавалькова (1.073). Усяго ў галасаванні ўзялі ўдзел 4.457 чалавек.

Анлайн-галасаванне на праймерыз апазіцыі пачалося 27 сакавіка і завяршылася 30 красавіка ў 23 гадзіны 59 хвілін. За гэты перыяд у лідарах пабывалі ўсе тры ўдзельнікі, але апошнім часам першае месца трымаў Казлоў.

У каментары БелаПАН ён адзначыў, што „вынікам цалкам задаволены”. Цяпер, паводле слоў Мікалая Казлова, пройдзе праверка вынікаў праймерыз, якой зоймецца кантрольная група. „Наступным этапам будзе кангрэс, які і вызначыць пераможцу”, — сказаў палітык.

На думку Казлова, „улады рэальна баяцца гэтай працэдуры, бо разумеюць, што наша аб’яднанне, як і любы шлях, пачынаецца з першага кроку”. Лідар АГП прызнаў, што „галасаванне магло прайсці і больш бадзёра”, але ў сітуацыю „сур’ёзна ўмяшаўся каранавірус”.

„Праймерыз, нягледзячы на ўсе складанасці, выканаў галоўную задачу — стаў інструментам аб’яднання. Я магу сказаць, што ўжо шэраг апазіцыйных арганізацый выказалі зацікаўленасць”, — дадаў Казлоў. Ён заклікаў „здаровыя сілы грамадства да аб’яднання перад абліччам сур’ёзных выклікаў” і ва ўмовах аслаблення рэжыму.

Праймерыз апазіцыі ўключае ў сябе тры этапы: рэгіянальныя паездкі (яны пачаліся ў сакавіку, але 18 сакавіка былі спыненыя ў сувязі з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі), анлайн-галасаванне і Кангрэс дэмакратычных сіл, прызначаны на канец мая.

Паводле вынікаў паездак па рэгіёнах з вялікім адрывам лідзіруе Губарэвіч, які набраў 248 галасоў. У Казлова 61 голас, у Кавальковай — 28.

Прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня.

belapan.by