Мікалай Казлоў: Праймерыз працягваецца



Народнае галасаванне за вылучэнне адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі на прэзідэнцкія выбары працягнецца, нягледзячы на сыход з праймерыз сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца і намесніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча. Тым больш, што Беларуская хрысціянская дэмакратыя застаецца ў дэмакратычнай кааліцыі, якая арганізавала праймерыз.

Па словах удзельніка гэтага народнага галасавання, старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова, праймерыз працягваецца. Палітык упэўнены, што кампанія яшчэ набярэ абароты.

– Я ведаю, што гэта адзіная магчымасць неяк абудзіць народ, паспрабаваць перайначыць сітуацыю. Калі мы гаворым: “Лукашэнка, сыходзь!” – то трэба яму ў гэтым дапамагчы. І адзін з механізмаў – гэта якраз праймерыз. Таму я заклікаю ўсіх прыходзіць, удзельнічаць, галасаваць, сачыць, агітаваць – гэта важна. Давайце разам дапаможам Лукашэнку сысці. Не сядзіце сіднем!

Такім чынам, у праймерыз, акрамя кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова працягваюць удзел лідар Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч і сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова. Увечары  17 сакавіка адбудзецца апошняе галасаванне за трох удзельнікаў праймерыз у Баранавічах. Потым, як жартуюць яго ўдзельнікі, сыходзяць на каранцін. Але працягнуць галасаванне можна будзе ў інтэрнэце.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск