Мікалай Казлоў: Штрафы проста неадэкватныя



“У нармальнай краіне за абарону незалежнасці не судзяць”, – кажа выконваючы абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў.

Працягваюцца суды над удзельнікамі акцый у абарону незалежнасці, судовы канвеер працуе, пачынаючы са снежня мінулага года. Людзей накіроўваюць на “суткі” і даюць вялізныя штрафы.

Мікалай Казлоў: Я атрымаў некалькі буйных штрафаў, хаця на судовыя пасяджэнні нават не хадзіў. Адно можна сказаць – рэпрэсіі ў краіне працягваюцца. Праз вялікія штрафы ўлады вырашылі абмежаваць людзям свабоду сходаў і выказванняў, што прадугледжана Канстытуцыяй. Такім чынам, грамадства вырашылі застрашыць.

Мы ж бачым, што зараз апанентаў у турмы на рэальныя тэрміны ўжо не адпраўляюць, каб не псаваць стасункі з Захадам, але натуральнай з’явай стала сітуацыя, калі б’юць па кішэні. Гэта новая тактыка – біць па апазіцыі фінансавым бізуном. І гэта не менш цяжкае пакаранне, бо штрафы даюць проста неадэкватныя.

РР: Вам толькі ў адзін дзень далі 2700 рублёў штрафаў (каля 1300 даляраў)…

Мікалай Казлоў: Гэта кажа пра тое, наколькі дэмакратычная ў нас дзяржава. Мне толькі не зразумела, чаму Захад зараз гуляе ў гульні з беларускім ўладамі і заплюшчвае вочы на тое, што адбываецца ў краіне. Гэтыя штрафы – абсалютнае парушэнне правоў грамадзян і Асноўнага закона. Усё што там прапісана, уладамі цалкам ігнаруецца.

І яшчэ ў мяне пытанне: як яны налічваюць такія вялікія штрафы? Якімі крытэрамі пры гэтым кіруюцца? З чаго зыходзяць, калі малююць такія лічбы? Суддзі не ведаюць, які ў краіне сярэдні заробак? Улада давяла многіх да беднасці, а робіць выгляд, што ў краіне ўсе даляравыя мільянеры, а таму тысяча даляраў штрафу для кожнага беларуса – гэта пыл на ботах.

У такіх выпадках кажуць: страшна далёкія яны ад народа. У нармальнай краіне ўвогуле за абарону незалежнасці не судзяць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя