Мікалай Казлоў: Толькі мы мэтанакіравана забіваем сваіх грамадзянаў



Парад 9 траўня не адменены. Хаця сярод ваеннаслужачых, якія рыхтуюцца да параду, ужо ёсць тыя, хто захварэў на каронавірус.

Тым не менш Аляксандр Лукашэнка лічыць каронавірус каронапсіхозам і на асабістым прыкладзе дэманструе браваду пад час пандэміі каронавірусу перад беларусамі.

Такія паводзіны не паддаюцца ніякай логіцы, – кажа падпалкоўнік у запасе, кіраўнік партыі АГП Мікалай Казлоў:

– Расея перанесла на 24 чэрвеня парад, і толькі мы мэтанакіравана забіваем сваіх грамадзянаў, толькі мы падрываем іх здароўе. І чым гэта выклікана? Я не магу сабе даць разумнага адказу. Мне здаецца, што Лукашэнка нясе пагрозу для краіны, для людзей, для народа.

Паводле Мікалая Казлова, нашым людзям патрэбна самім пастарацца зберагчы сваё здароўе, быць абачлівымі, не рызыкаваць лішні раз, не паддавацца на правакацыі ўлады:

– Я проста прашу, каб усе бераглі сябе. Зараз вельмі складаны час. І, ўлічваючы як да нас ставяцца, атрымліваецца, што мы павінны самі сябе ратаваць.

А 9 траўня кожная сям’я можа адзначыць па-свойму, хто ўспомніць сваіх загінулых, наведае магілкі, памяне, хто парадуецца перамозе, якая беларусам абышлася вельмі вялікай цаной.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя