Мікалай Казлоў: Трэба выканаць свой грамадзянскі абавязак



Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў асудзіў крымінальную справу супраць блогера Сяргея Ціханоўскана і яго паплечнікаў.

„Мы шукаем любыя магчымасці, каб дапамагчы арыштаваным без усялякай віны людзям, адносна якіх незаконна завялі палітычна матываваную крымінальную справу. Таму мы будзем звяртацца да міжнародных структураў, будзем рассылаць і падпісваць звароты і петыцыі, будзем ладзіць пікеты”, — сказаў Мікалай Казлоў:

– Самае галоўнае і самае дзейснае, на мой погляд, гэта ўсё ж масавая салідарнасць беларусаў з затрыманымі. Калі мы пачнем выходзіць на пікеты, выходзіць на масавую акцыю, я вам нагадаю, што нам засталося ўсяго нічога легальных магчымасцяў. У бліжэйшую нядзелю будуць праводзіцца пікеты. Паважаныя грамадзяне беларусы, трэба неяк выканаць свой грамадзянскі абавязак, невінаватыя павінны быць вызваленыя. 

„Таму прыходзьце на пікеты па збору подпісаў, падпісвайцеся, выказвайце салідарнасць з незаконна рэпрэсаванымі грамадзянамі”, – кажа Мікалай Казлоў.

Палітык таксама сказаў, што як афіцэру міліцыі ў мінулым, яму агідна бачыць, калі людзі ў пагонах, тыя, хто павінен абараняць закон, яго парушаюць. Правакацыя супраць Сяргея Ціханоўскага і яго групы — гэта злачынства. Як мінімум, па меркаванню Мікалая Казлова, гэта перавышэнне службовых паўнамоцтваў

– Калі яны думаюць, што ім сыдзе з рук і яны будуць далей жыць і насалоджвацца жыццём, то гэта не так. Абавязкова прыйдзе час, калі давядзецца адказаць. Цяпер дзякуй Богу дваццаць першае стагоддзе, усе гэтыя злачынствы, усе гэтыя правакацыі, яны як след задакументаваныя, як дарэчы і ў выпадку з Ціханоўскім. Я думаю, што матэрыялаў для суда будзе дастаткова. Я звяртаюся да бандытаў у форме, майце га ўвазе, для вас гэта не пройдзе без бясследна.

„Абавязкова надыдзе час, калі тыя, хто рабіў правакацыі, заводзіў палітычныя крымінальныя справы, панясе адказнасць”, – упэўнены Мікалай Казлоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск