Мікалай Казлоў: Улады абсалютна згубілі сумленне
Здымаюць кандыдатаў да апошняга моманту і па смешных прычынах. Так кажа старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў. Іх чарговую кандыдатку знялі з выбараў. Вольгу Беляўцову знялі на падставе хлуслівых заяў «пільных грамадзян», на падставе ананімнага паведамлення. Яе абвінавацілі ў тым, чаго яна не рабіла (у прыватнасці, яна не праводзіла сустрэчу з выбарцамі не ў тым месцы, якое было заяўлена).
Паводле Мікалая Казлова, улады нават не спрабуюць захаваць прыстойны выгляд:
– Працягваюць здымаць, і зноў нашага кандыдата знялі па Менскаму раёну – Вольгу Беляўцову – па абсалютна абуральна-надуманых прычынах. Мне падаецца, што ўлады абсалютна згубілі сумленне. Яны нават і не імкнуцца надаць нейкую прыстойную форму. Колькі кандыдатаў дойдзе да нядзелі 17 лістапада, да дня асноўнага галасавання, цяжка сказаць.
Ад АГП было зарэгістравана 22 кандыдата. А паводле апошніх звестак Цэнтравыбаркаму, з 562 афіцыйна зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання засталося 516. Выбарчыя камісіі знялі 13 кандыдатаў (усе яны апазіцыянеры). 33 адмовіліся ад далейшага ўдзелу з уласнай ініцыятывы (усе яны, за выключэннем прадстаўніка партыі БНФ Кастуся Смолікава, праўладныя вылучэнцы).
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя