Мікалай Казлоў: Яны не выконваюць нават тыя правілы, што самі прыдумалі
Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі распавёў, як улады пераўтвараюць паведамляльны прынцып у забарончы.
Нагадаем, што АГП падавала заяўка на арганізацыю двух мерапрыемстваў, але Менгарвыканкам ім адмовіў, нягледзячы на тое, што са студзеня гэтага года ўстаноўлены новы парадак правядзення мітынгаў у загадзя ўстаноўленых месцах.
Дзейнічае як быццам паведамляльны прынцып, хаця разам з заяўкай на правядзенне акцыі патрабуецца падаць копіі дамоў з гарадскімі службамі: міліцыяй, «хуткай дапамогай» і «Зелянбудам» – на ахову грамадскага парадку, забеспячэнне медыцынскай дапамогі і прыборку тэрыторыі.
Мікалай Казлоў: У «Зелянбудзе Савецкага раёна Мінска» юрыст ужо нават дамову падрыхтаваў, яе зарэгістравалі і пячатку паставілі, але адсутнічала кіраўніца, каб паставіць подпіс.
Мы знялі фотакопію дакумента без подпісу і аднеслі ў Менгарвыканкам. У выніку тая кіраўніца пазней наогул адмовілася падпісваць дамову. Сказала, што на той дзень, калі мы планавалі правесці мерапрыемства, у іх запланавана нешта іншае.
Што «іншае»? Гэта, аказваецца, тайна. У выніку «Зелянбуд» не захацеў з намі заключаць дамову, і нам увогуле адмовілі.
РР: Вось вам і паведамляльны прынцып…
Мікалай Казлоў: Усё гэта поўная лухта пра паведамляльны прынцып! Яны не выконваюць нават тыя правілы, што самі прыдумалі. Гэта Захаду беларускія ўлады такім чынам пускаюць пыл у вочы і распавядаюць пра свае «дэмакратычныя крокі».
Насамрэч, як мы бачым, як быў так і застаецца забарончы прынцып. Нейкі маленькі чыноўнік з «Зелянбуда», аказваецца, можа вырашаць, даваць нам дазвол ці не даваць на правядзенне мітынгу.
Па вялікім рахунку, яны наогул павінны быць зацікаўлены зарабіць капейку, мы ж аплочваем іх паслугі. Хаця і гэта нейкі абсурд – аплочваць працу бюджэтных арганізацый, якія і так утрымлімваюцца за кошт падаткаплацельшчыкаў.
Таму для мяне відавочна, што чыноўніца з «Зелянбуда», якая адмовілася з намі заключаць дамову, дзейнічала па загадзе зверху. Дарэчы, сакратарка «Зелянбуда» Савецкага раёна была звольнена за тое, што дазволіла нам зрабіць фотакопію ўжо складзенай дамовы. Такая вось у нас дэмакратыя і лібералізацыя!
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя