Мікалай Казлоў: Зрабіць з Беларусі Паўночную Карэю ўжо не атрымаецца
Міліцыя прыме ўсе меры, каб не дапусціць ніводнага надзвычайнага здарэння ў навагоднія святы, заявіла афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава, яе словы цытуе дзяржаўнае агенцтва БелТА. МУС звяртаецца да жыхароў і гасцей, якія прыедуць на навагоднія святы, з просьбай з разуменнем ставіцца да некаторых мерапрыемстваў, якія будуць праводзіць супрацоўнікі міліцыі.
Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былы супрацоўнік крымінальнага вышуку, падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў скептычна рэагуе на такія захады міліцыі:
– На гэтае жаданне, рэтрансляванае праз Вольгу Чамаданаву, пастроіць усіх у калоны, каб хадзілі ўсе строем, нейкую Паўночную Карэю збудаваць у Беларусі, я мушу сказаць, што гэта не атрымаецца. Ужо не атрымаецца. Гэта ўжо мінулае. Яны могуць гаварыць, могуць выставіць з металашукальнікамі, паспрабаваць усё ўзяць пад кантроль, але, мне здаецца, гэта немагчыма.
Праваахоўныя органы анансавалі каля навагодніх ёлак прапускны рэжым. У мінулыя гады тут людзі збіраліся свабодна. Такая актыўнасць, верагодна, звязаная з планамі ўдзельнікаў пратэстнага руху збірацца на святочных мерапрыемствах.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя