Мікалай Клімовіч: Перамены павінны быць
Выбарчая кампанія ў рэгіёнах. У Пінску за тыдзень агітацыі не адбылося ніводнага пікета з кандыдатаў, няма наяўных агітацыйных вырабаў, акрамя плакатаў, якія нагадваюць, што 9-га жніўня ў краіне выбары. Пакуль у горадзе над Пінай агітацыйны этап кампаніі саступае этапу збору подпісаў, які суправаджаўся амаль штодзённымі пікетамі і акцыямі.
„Тым не менш пінчукі актыўна адсочваюць падзеі ў краіне і дзеляцца сваімі думкамі праз сацыяльныя сеткі”, – кажа мясцовы блогер Мікалай Клімовіч:
– Людзі глядзяць па інтэрнэт-каналах тое, што творыцца ў Менску, тое што творыцца ў іншых гарадах – гэта канешне бязмежжа. Праходзяць ціхія пратэсты, бо людзі не выходзяць, не грамяць крамы, не паляць колы. Улады робяць праколы, бо людзі бачаць, калі творыцца бязмежжа, калі прыязджае машына з АМАПам і пачынаюць ні з таго, ні з сяго хапаць людзей. Бачна, што ўлады ўжо перагібаюць. Перамены павінны быць, бо чым далей ідзем, тым горш.
У Пінску дазволілі ладзіць масавыя перадвыбарчыя мерапрыемствы на адкрытай пляцоўцы – у гарадскім парку, на летняй эстрадзе, а таксама праводзіць сустрэчы ў гарадскім доме культуры.
Беларускае Радыё Рацыя