Мікалай Самасейка: Адмена смяротнага пакарання – пытанне часу
„Прымаць рашэнне аб адмене смяротнага пакарання ці мараторыі на яго мы не можам, не параіўшыся з грамадствам”, – лічыць старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка.
Ён нагадаў, што на рэферэндуме 1996 году за захаванне смяротнага пакарання прагаласавала крыху больш 80 працэнту рэспандэнтаў.
– Калі браць гэты аспект, каб прымаць рашэнне пра ўвядзенне мараторыя альбо адмены смяротнага пакарання, то ўжо па этычных момантах мы не можам, не параіцца з грамадствам. Канечне, мы далёкія ад ідэалу, каб тыя 60 ці 70 працэнтаў былі за адмену, але хаця бы 55 ці 60 – працэнтаў за адмену – гэта ўжо будзе сведчыць, што большасць грамадства за тое, каб адмяніць смяротнае пакаранне. Мы цудоўна ведаем, што ва ўсіх краінах постсавецкай прасторы і краінах Еўропы, смяротнае пакаранне было адмененае насуперак меркаванню грамадства, была выяўленая палітычная воля.
У той жа час і ў Канстытуцыі, у Крымінальным кодэксе Беларусі закладзена магчымасць адмены смяротнага пакарання. Таму гэта пытанне часу, – лічыць Мікалай Самасейка.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя