Мікалай Статкевіч абураны ціскам на Мікалая Дзядка



Палітычны вязень, экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч вельмі занепакоены сітуацыяй з іншым зняволеным па палітычных матывах Міколам Дзядком. 20 лістапада супраць Дзядка, якому да вызвалення пасля 4,5 гадоў зняволення заставаліся лічаныя месяцы, заведзена новая крымінальная справа – быццам за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы.

Паводле жонкі Статкевіча – Марыны Адамовіч, яе муж пра новую крымінальную справу супраць Дзядка даведаўся з яе ліста. Хоць адбываюць яны пакаранне ў той самай магілёўскай турме №4:

– Мікалай у кожным лісце просіць не пакідаць гэтую сітуацыю па-за ўвагай – уздымаць шум, старацца абараніць Мікалая, і піша, што «шкада хлопца і яго сям’ю. Коратка перасякаўся з ім на этапе ў чэрвені 2011 года, ён мне спадабаўся тады, пакінуў уражанне цвёрдага і спакойнага чалавека. Тут ужываюць часам гэты спосаб зламаць чалавека – раптоўна дадаць тэрмін, калі свабода падаецца зусім блізка».

Мікалай Статкевіч падкрэслівае, што ніколі не чуў, каб артыкул пра непадпарадкаванне адміністрацыі ўжывалі на турэмным рэжыме, дзе чалавек і так максімальна пакараны. „Але ж для палітычных правілаў не існуе… Цікава, што цяпер будуць казаць тыя заходнія палітыкі, якія пабачылі тут нейкія станоўчыя сігналы. Мае прывітанні Мікалаю ды яго жонцы. Гэта прыйдзецца вытрымаць. Здавацца нельга!” – напісаў у лісце Мікалай Статкевіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя