Мікалай Статкевіч адбывае 15-суткавы арышт
Сустаршыня Беларускага нацыянальнага кангрэса (арганізацыя афіцыйна не зарэгістраваная ў Беларусі) палітык Мікалай Статкевіч адбывае 15-суткавы адміністрацыйны арышт за ўдзел у вулічнай акцыі ў Менску 3 ліпеня. 26 верасня яго будуць судзіць за ўдзел у акцыі 8 верасня супраць беларуска-расейскіх вучэнняў „Захад-2017”.
„Дакладна ведаю, што яго арыштавалі па жнівеньскім рашэнні суда за 3 ліпеня, — паведаміла БелаПАН жонка Статкевіча Марына Адамовіч. — Таксама прыйшоў іск на 26 верасня, Мікалая будуць судзіць за акцыю 8 верасня”.
Асуджэнне палітыка і паэта Уладзіміра Някляева, які 21 верасня вызваліўся пасля сямі сутак арышту, а таксама ўчарашні арышт Статкевіча Адамовіч звязвае з завяршэннем вучэнняў „Захад-2017”. Улады, паводле яе слоў, вырашылі „закручваць гайкі”.
Адамовіч не выключае, што Статкевіча праз 15 сутак могуць вызваліць, а потым яшчэ пасадзіць за акцыю 8 верасня на тыя ж 15 сутак. У такім выпадку, адзначыла яна, палітык не зможа ўзяць удзел у анансаванай на другую палову кастрычніка акцыі „Марш абураных беларусаў 2.0”.
Адамовіч таксама атрымала іск у міліцыю за ўдзел у акцыі 8 верасня, у якім, адзначыла яна, яе „без складання пратакола загадзя запрашаюць у якасці правапарушальніка”.
Папярэдні раз Статкевіч быў затрыманы ў Менску 26 жніўня. Яго арыштавалі на пяць сутак за дэманстрацыю бел-чырвона-белага сцяга каля ЦІП у канцы сакавіка гэтага года. Меркавалася, што Статкевіч таксама будзе адбываць яшчэ 15 сутак адміністрацыйнага арышту, якімі яго пакаралі за арганізацыю вулічнай акцыі ў Менску 3 ліпеня, аднак 31 жніўня палітык выйшаў на свабоду.