Мікалай Статкевіч адбывае „суткі” на Акрэсціна



Мікалай Статкевіч на Акрэсціна. Як паведаміла ў нашым эфіры яго жонка Марына Адамовіч, – ён будзе адбываць так званыя „неадбытыя суткі». Палітыка затрымалі каля дома, калі той збіраўся паехаць на акцыю «Вызвалення і салідарнасці», якая мусіла пачацца ля выхаду з метро «Парк Чалюскінцаў». Каля дома стаялі машыны, за намі сачылі ад раніцы, – кажа Марына Адамовіч.

– З раніцы нам паведамілі суседзі, што аблава, наша вуліца абкладзена. Але яны і не вельмі саромеліся і свой опель паставілі літаральна насупраць нашай хаты. Пры спробе выйсці з хаты Мікалая затрымалі. Безумоўна, без тлумачэння. Але варта адзначыць, што адзін быў усё ж такі ў  форме АМАПаўца.

Затрымліваць, каб адбыць „неадбытыя суткі”, – гэта спецыфіка беларускай праваахоўнай сістэмы, заўважае намеснік старшыні Правабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч:

– Задача была яго, як асноўнага лідара тых, хто склікаў сход, ізаляваць. Гэтыя “неадбытыя суткі” апошнім часам такая спецыфічная тактыка органаў правапарадку. Калі на чалавека складаюць пратакол і нават прымаюць пастанову, але ён суткі не адбывае. Бо, маўляў, там няма ўмоваў, месцаў няма. І такім чынам яны назапашваюцца. І гэта дае магчымасць у любы зручны момант чалавека проста выцягнуць.

Каля дому таксама затрымалі Вячаслава Сіўчыка. Ня менш за два дзясяткі людзей, якія маглі ўзяць удзел у акцыі, «людзі ў цывільным» затрымалі на падыходзе да бульвару.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя