Мікалай Статкевіч адмовіўся ад так званай працы па самаабслугоўванню
Палітзняволены, былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, які зараз адбывае пакаранне ў калоніі №17 у Шклове, напісаў заяву яе адміністарцыі з адмовай ад так званай працы па самаабслугоўванню, паколькі лічыць яе незаконнай. У такую працу ўваходзіць, напрыклад, уборка тэрыторыі ў калоніі. Па словах жонкі палітыка Марыны Адамовіч, Мікалай Статкевіч пайшоў на гэты крок, палічыўшы выкананай сваю галоўную задачу ў калоніі, куды ён паўторна трапіў пасля магілёўскай турмы ў студзені 2015 году.
– Ён атрымаў магчымасць удакладніць і пацвердзіць пэўныя факты і задакументаваць, самае галоўнае, гэтыя факты аб незаконных дзеяннях адміністрацыі ў дачыненні да палітзняволенных і не толькі да іх, на працягу 2011 года і ўжо непасрэдна зараз. Яшчэ ў першыя дні знаходжання ў калоніі ён паставіў сабе такую задачу, сказаў, што ён плануе дзесьці тры звароты ў Генеральную пракуратуру, каб задакументаваць тое, што адбывалася ў калоніі.
Па словах Марыны Адамовіч, Мікалай Стакевіч казаў, што каб выканаць гэтую задачу, ён не дасць адміністрацыі падстаў абвінаваціць яго ў нейкіх парушэннях. Адмова ад працы з’яўляецца цяжкай правіннасцю. Таму Мікалай Статкевіч можа быць падвергнуты жорсткім спагнанням – змяшчэнню ў штрафны ізалятар ці памяшканне камернага тыпу і нават узбуджэнню новай крымінальнай справы, – кажа Марына Адамовіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя