Мікалая Статкевіча засудзілі да 5 сутак арышту



Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч пакараны пяцісуткавым арыштам за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі ў памяць аб ахвярах сталінізму „Ланцуг памяці”, якая адбылася 29 кастрычніка ля будынка КДБ у Менску.

Пра гэта паведаміў Сяргей Спарыш — генеральны сакратар аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), на чале якога стаіць Статкевіч.

Паводле слоў Спарыша, Статкевіч атрымаў копію рашэння суда па пошце, дата яго вынясення невядомая. Пакуль ён застаецца на волі. Спарыш адзначыў, што іншыя ўдзельнікі акцыі памяці пакараныя штрафамі. Статкевіч аштрафаваны прыкладна на 2 тыс. рублёў за ўдзел у іншай вулічнай акцыі.

Акцыя „Ланцуг памяці” з удзелам 20 чалавек была прымеркаваная да трагічных падзей 81-гадовай даўніны. У ноч на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях мінскай унутранай турмы НКУС, дзе зараз размяшчаецца следчы ізалятар КДБ, было расстраляна больш за 130 чалавек: навукоўцы, літаратары, урачы, грамадскія дзеячы, кіраўнікі, работнікі сістэмы адукацыі, будаўніцтва, прамысловасці, гандлю.

belapan.by