Мікалай Статкевіч даў інтэрв’ю расейскаму тэлеканалу ГРТ



“Выступ павінны паказаць у нядзелю, 9 красавіка, у праграме, якая пачнецца ў 21.00”, – распавёў палітык.

Мікалай Статкевіч: На гэтым тыдні да мяне прызджалі здымаць інтэрв’ю прадстаўнікі тэлекампаніі ГРТ. Гутарка і здымкі доўжыліся каля гадзіны, усё гэта павінны паказаць у нядзелю, 9 красавіка, у праграме, якая пачнецца ў 21.00. Хаця на Беларусь ГРТ, натуральна, не транслюецца.

РР: Чаму вамі зацікавілася расейскае тэлебачанне?

Мікалай Статкевіч: Сказалі, што хацелі б пагутарыць з “найбольш яркім лідарам беларускай апазіцыі”. Магчыма, гэта такі своеасаблівы пінок беларускім уладам пад сталом перамоваў паміж Пуціным і Лукашэнкам.

РР: Не баіцеся, што вашы словы  могуць выкарыстаць у патрэбным расейскай прапагандзе кантэксце?

Мікалай Статкевіч: Усялякае можа быць, але усё-такі спадзяюся на пэўную ступень карэктнасці. Мне ўвогуле спачатку падалося, што на інтэрв’ю просіцца беларускае АНТ, таму адмовіўся размаўляць. Але затым разабраліся.

РР: Што найперш цікавіла ГРТ?

Мікалай Статкевіч: Беларуска-расейскія стасункі, і толькі гэта. Улічваючы аўдыторыю, я стараўся быць карэктным і аб’ектыўным. Не ведаю, што ў выніку атрымаецца, але мне цікавы сам факт інтэрв’ю першага расейскага тэлеканала з чалавекам, якога яны самі ж называюць ледзь не “кіраўніком русафобскіх нацыяналістаў”. Паўтаруся, мяркую, што гэта сігнал беларускім уладам з боку Крамля. Бо прапанова на запіс інтэрв’ю паступіла мне адразу ж пасля перамоваў Пуціна і Лукашэнкі ў Піцеры. Таму, магчыма, нічога асаблівага яны там і не вырашылі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя