Мікалай Статкевіч: Гэты рэжым ідзе да свайго фіналу



„Сацыяльныя пратэсты нарастаюць і мы павінны іх узначаліць,” – кажа беларускі апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч. Указы, якія руйнуюць індывідуальнае прадпрымальніцтва, павышэнне камунальных паслугаў – падзеі, якія выклікаюць абурэнне ў беларускім грамадстве. Сацыяльна-эканамічная мадэль, якой так доўга прытрымліваецца Аляксандр Лукашэнка, паказвае свае хібы, – запэўнівае палітык. Паводле Мікалая Статкевіча, далей гэта сістэма працаваць не можа:

– Пакуль гэта праядалі, то хапала. А зараз канкурэнтаздольнасць нашай народнай гаспадаркі рэзка ўпала. Адначасова паменшыліся расейскія датацыі. Тыя, хто здольны думаць і лічыць, – яны чакалі гэтага. Але большасць, безумоўна, спадзявалася, што неяк зноў выйдзе ў лепшы бок, і як казаў Лукашэнка, “народ всегда простит власть”. Але ўжо так больш не будзе.

Пры гэтым Статкевіч лічыць, што ў бліжэйшыя некалькі гадоў у краіне могуць адбыцца змены ў палітычнай сістэме. У гэтай сітуацыі менавіта сацыял-дэмакраты могуць ачоліць пратэст. Пра гэта старшыня аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч заявіў на пасяджэнні цэнтральнага камітэта арганізацыі ў Менску.

Незадаволенасць адчуваецца, але на Плошчу беларусы выйсці не гатовыя. Так шэф-рэдактар „Народнай волі” Святлана Калінкіна ацэньвае настроі, што пануюць у беларускім грамадстве. Мікалай Статкевіч заявіў, што беларуская апазіцыя павінна ачоліць пратэсты. Але, паводле Святланы Калінкінай, акурат на акцыі пратэсту беларускія ўлады ніяк не рэагуюць, а ў выбары, як спосаб перамены ўлады, таксама даўно не верыцца:

– Настроі пратэстныя ў гэтым сэнсе ёсць. Але для рэалізацыі няма надзеі. Таму людзі больш на кухнях адзін з адным абураюцца, але, на мой погляд, гэта наўрад ці выльецца ў бліжэйшы час у нейкія масавыя акцыі пратэсту ў Менску, ці па ўсё краіне. Хаця, калі такі настрой ёсць, то дастаткова запалкі, каб недзе нешта ўспыхнула і потым панясецца так, што не спыніць.

Людзі сапраўды незадаволеныя і абураныя, таксама не вераць тлумачэнням, што гучаць ад беларускіх уладаў, – падсумоўвае Святлана Калінкіна.

У рэгіёнах сітуацыя яшчэ горшая, – дадае грамадская актывістка з Берасця Ганна Канюс і пералічвае мясцовыя праблемы:

– Шмат людзей ведае, што іх ашукалі гэтымі камунальнымі паслугамі, усімі падаткамі. У кішэні пуста. Працы няма. Тыя, хто не ведаў пра забастоўкі і страйкі прадпрымальнікаў, прыходзяць на рынкі, нічога, нікога не бачаць і разумеюць, што будзе толькі горш. Да гэтага нельга падрыхтавацца. Што робіць улада, каб абараніць простага грамадзяніна, простага жыхара Беларусі?

Агульнае зніжэнне якасці жыцця, праблемы з працай і заробкамі, пратэсты прадпрымальнікаў, новыя падаткі і павышаныя кошты на сацыяльныя паслугі – фактары, што найбольш раздражняюць беларусаў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя