Мікалай Статкевіч: Ідэя Кангрэса нават „пераспела”



У Менску адбылося чарговае пасяджэнне аргкамітэту па падрыхтоўцы Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі. Ён узнік 17 снежня мінулага года, на наступны ж дзень пасля звароту прадстаўнікоў культуры і грамадскіх дзеячаў да лідараў і актывістаў беларускай апазіцыі. Яны заклікалі кансалідавацца і правесці кангрэс для выпрацоўкі сумеснага плана дзеянняў. Пра тое, якія пытанні вырашаліся сёння, кажа сябар аргкамітэта, былы палітвязень і вядомы палітык Мікалай Статкевіч:

– Разгледзелі пытанне рэгламенту працы аргкамітэту. Будзем працаваць на роўных – старшынёўства па чарзе. Прымаць рашэнні па прынцыпе кансэнсус мінус 1. Гаварылі пра падрыхтоўку Кангрэсу ў рэгіёнах. Абмеркавалі і прынялі за аснову праект парадку дня Кангрэсу, там тры асноўныя пытанні: стан Беларускай дзяржавы і нацыі, народнай гаспадаркі і грамадства, і тэндэнцыі да яго зменаў. Што трэба рабіць, каб гэты стан палепшыўся? Што павінны і могуць зрабіць беларускія дэмакратычныя сілы?

На думку Мікалая Статкевіча, ідэя Кангрэса дэмакратычных сіл  нават “пераспела”. Таму яго трэба правесці ўжо сёлета ў красавіку. Па магчымасці, прымеркаваўшы да Дня Волі.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелаПАН