Мікалай Статкевіч: Лукашэнка павінен сысці



У нядзелю, 22 верасня, у Слоніме адбыўся пікет па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Слонімскай выбарчай акрузе № 58 прадстаўніка Беларускага Нацыянальнага Камітэта Віктара Марчыка.

Пікет праходзіў з самай раніцы каля ўваходу на гарадскі рынак. Падтрымаць Віктара Марчыка і пагутарыць са слонімцамі прыехаў з Менску вядомы палітык Мікалай Статкевіч. Дзясяткі людзей слухалі палітыка, які пачаў свой выступ словамі, што Лукашэнка даўно павінен сысці, ён давёў Беларусь да такога стану, што ўжо жыць тут немагчыма. “Памятаеце, мы смяяліся з палякаў і літоўцаў, што яны да нас прыязджалі па пакупкі і розныя тавары. А цяпер што? Мы ездзім у Польшу купляць прадукты харчавання, электаратавары – усё што нам трэба. Чаму мы туды ездзім? Бо там усё танней, чым у нас. І там, уявіце, у дзясяткі разоў большыя пенсіі і заробкі. Дык чаму суседзі сталі за 25 гадоў жыць добра, а мы – не? Ды таму, што ва ўсім вінаваты Лукашэнка, які цяпер нас хоча здаць Расеі”, — казаў у Слоніме Мікалай Статкевіч.

Падчас сустрэчы людзі задавалі палітыку шмат пытанняў. Гэтыя пытанні былі розныя: ад палітыкі на ўзроўні дзяржавы да прыватнага кшталту. Найбольш людзей хвалюе сёння лукашэнкаўска-пуцінская інтэграцыя, беларусы яе не жадаюць. Пыталіся слонімцы пра лёс роднай мовы, пра пенсійнную рэформу, пра рост цэн і г.д. Адначасова ўсе жадаючы актыўна ставілі свае подпісы за Віктара Марчыка.

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім Фота аўтара