Мікалай Статкевіч: Любыя ідэалы трымаюцца на ўчынках
Былы палітвязень Мікалай Статкевіч распавёў пра сённяшняе і будучае беларускай апазіцыі, пра свае планы і надзеі.
Мікалай Статкевіч: Мы выкарыстоўваем гэтую кампанію, каб падрыхтаваць падмурак для наступнай вялікай парламенцкай кампаніі за нармальныя выбары. Выбары – гэты наша будучыня. Калі людзі самых розных поглядаў будуць мець сваіх прадстаўнікоў у парламенце, то беларусы здолеюць паразумецца і знайсці супольны кампрамісны варыянт, каб захаваць нашу краіну незалежнай.
РР: Вы досыць актыўна ўключыліся ў палітычнае жыццё…
Мікалай Статкевіч: Зараз мы вяртаем права апазіцыі працаваць на вуліцы, на публічную дзейнасць. Я змяншаю ўзровень страху ў грамадстве, каб людзі выходзілі на гэтыя акцыі. І вынік ёсць. Я дзве акцыі правёў, Анатоль Лябедзька, яшчэ нехта… Праца ідзе. 4 кастрычніка пройдзе акцыя супраць расейскіх ваенных баз у Беларусі, я планую мерапрыемства за дзень да выбараў. Разумею, што мяне могуць перавесці пад хатні арышт, пад прэвентыўна нагляд. Але людзі, якія прыходзяць на акцыі, абароненыя. Таму што за падзеямі сочаць назіральнікі, а беларуская ўлада хоча легітымнасці. І я магу гарантаваць адсоткаў на 90 бяспеку ўдзельнікам акцый.
РР: Ці згодны вы, што сёння апазіцыі не стае кансалідацыі?
Мікалай Статкевіч: Так, неабходна выбраць форму кансалідацыі і пад гэта прыцягваць новых людзей. Мяне папракаюць, што пасля таго, як выйшаў на волю, працую з тымі палітыкамі, якія, магчыма, шмат каму не падабаюцца ў грамадстве. Ведаеце, калі казаць у вайсковых катэгорыях, то пасля выхаду на волю я ўбачыў поўны разгром. Некаторыя войскі са сцягамі перайшлі на іншы бок, некаторыя збеглі, а хтосьці схаваўся ў лесе і гадамі там жыве. Іх трэба з лесу выцягнуць. І тут патрэбны камандзіры. Бо на тое, каб падрыхтаваць камандзіра-лідара, неабходны гады. А за апошнія пяць гадоў нікога новага не стварылі. Былі людзі на падыходзе, але іх не баранілі, а таму і затапталі. І цяпер яны бароняць незалежнасць у іншых краінах. Таму хто зараз будзе камандаваць у Беларусі? І я скажу, што ёсць камандзіры, якія не згубілі волі да барацьбы і маюць досвед. Бо набраць новае войска – на гэта трэба час. Людзі павінны прайсці адбор, бо зараз багата агентуры. Усё гэта будзе потым. А зараз нам неабходна войска, каб закончыць гэтую кампанію. Паўтаруся, каб падрыхтаваць новых лідараў, неабходны гады і гады.
РР: Недзе пачытаў, што ўлада пакуль церпіць Статкевіча. Не выключаеце магчымасці, што ў нейкі момант тое цярпенне можа скончыцца?
Мікалай Статкевіч: Улада зараз вымушана адкручваць рэпрэсіўныя гайкі, але, мяркую, што пасля выбараў – завінцяць. Хоць і не да канца. А наконт мяне… Ведаеце, калі б ва ўлады былі развязаныя рукі, то мяне раней часу не выпусцілі б. І так да канца чакалі. Па вялікім рахунку, было б разумней паўгады таму выпусціць. Тады б і Лукашэнка на Рыжскі саміт паехаў, і праз паўгода пра мяне б ужо крыху забыліся. А так жа выкінулі з-за кратаў у самую выбарчую кампанію. Трэба было выпускаць, бо грошай жа няма. Таму калі ва ўлады скончыцца цярпенне і мяне ізноў вырашаць “закрыць”, то тады няхай не разлічваюць і на грошы Захаду. Але для мяне такая абарона – не галоўнае. Разумееце, людзі зняверыліся. Яны губляюць веру ў ідэалы. Калі мы гэтую веру не адродзім, то нічога не зменіцца. А любыя ідэалы трымаюцца на ўчынках.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара