Мікалай Статкевіч: Мы не рыхтуем рэвалюцыю



Мікалай Статкевіч пераабраны старшынём аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Адпаведнае рашэнне прынялі 25 лютага дэлегаты чацвёртай сесіі ўстаноўчага з’езда арганізацыі ў Менску.

Старшыню абралі таемным галасаваннем, у якім узялі ўдзел 52 дэлегаты. Яны аднагалосна падтрымалі перавыбранне Статкевіча.

„Для мяне гэта гонар. Я паспрабую апраўдаць ваш давер. Буду ісці да канца, каб рэалізаваць нашы мэты і задачы”, — заявіў палітык.

* * * 

Аргкамітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) „не рыхтуе рэвалюцыю”, заявіў яе лідар Мікалай Статкевіч, выступаючы 25 лютага на чацвёртай сесіі ўстаноўчага з’езда арганізацыі ў Менску.

Статкевіч у 2017 годзе быў адным з арганізатараў несанкцыянаваных пратэстных акцый у цэнтры Менска, у тым ліку супраць дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” і правядзення сумесных беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017”.

„Нас чакаюць вялікія задачы. Але мы не рыхтуем рэвалюцыю, бо гэта гвалт, пагроза незалежнасці. Мы хочам націскаць на ўладу, каб яна праводзіла неабходныя рэформы”, — сказаў Статкевіч.

Палітык падкрэсліў, што ўлады „не ідуць на галоўнае — правядзенне сумленных дэмакратычных выбараў”. Такімі сваім дзеяннямі, адзначыў ён, улада сама штурхае краіну да рэвалюцыі. У такой сітуацыі, сказаў палітык, партыя павінна быць гатовая да розных варыянтаў падзей, каб наблізіць Беларусь да пабудовы нармальнай дзяржавы.

Статкевіч адзначыў, што БСДП (Народная Грамада) — партыя невялікая. „Таму мы вырашылі паспрабаваць аб’яднаць здаровыя сілы для арганізацыі сацыяльнага пратэсту ў краіне. Трэба аб’яднаць большасць вакол каштоўнасцяў. Галоўнае тут — наш дом, а па ўсім астатнім — дамаўляцца, каб нікога не пакрыўдзіць”, — сказаў ён.

„Беларусь стаіць на парозе драматычных змен. Якіх, пакуль не зразумела. Мы павінны быць гатовыя да таго, каб прапанаваць свае кірункі развіцця краіны”, — дадаў Статкевіч.

Чацвёртая сесія ўстаноўчага з’езда Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) праходзіць 25 лютага ў Менску.

На з’ездзе будзе прыняты статут і праграма партыі, шэраг заяў, абранае кіраўніцтва. Таксама будзе разгледжанае пытанне аб мэтазгоднасці падачы ў Мінюст дакументаў на афіцыйную рэгістрацыю партыі.

На папярэдніх сесіях рашэнне аб падачы дакументаў на рэгістрацыю не выносілася, бо, як адзначыў лідар аргкамітэта партыі Мікалай Статкевіч, палітычныя партыі ў Беларусі ўжо даўно не рэгістраваліся. Акрамя таго, сказаў ён, давялося б падаваць у міністэрства спісы членаў, супраць якіх улады могуць прымяніць рэпрэсіі.

Першая сесія ўстаноўчага з’езда БСДП (Народная Грамада) адбылася 25 лістапада 2007 года, на ёй Статкевіч быў абраны старшынёй партыі.

У цяперашні час у краіне існуе яшчэ дзве сацыял-дэмакратычныя партыі — Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) на чале з Ірынай Вештард і Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада пад кіраўніцтвам Станіслава Шушкевіча.

belapan.by