Мікалай Статкевіч — на волі



Пасля 15 сутак арышту на волю з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна выйшаў палітык, сустаршыня рады Беларускага нацыянальнага кангрэса (арганізацыя не зарэгістравана ў Беларусі) Мікалай Статкевіч.

Да запланаванага часу вызвалення палітыка каля ўваходу ў ЦІП чакалі яго жонка Марына Адамовіч, а таксама некалькі актывістаў і журналістаў. Аднак дачакацца выхаду Статкевіча ім не ўдалося, бо, як высветлілася, яго пятнаццаць хвілін да таго даставілі ў РУУС Ленінскага раёна.

Статкевіч быў затрыманы ў Менску 22 верасня каля 15.15 пасля пасяджання рады Беларускага нацыянальнага кангрэса. Палітык з жонкай і калегамі выйшаў з офіса прафсаюза РЭП на вуліцу, да іх пад’ехаў сіні таніраваны мікрааўтобус, адтуль выскачылі супрацоўнікі міліцыі, затрымалі Статкевіча. Пазней высветлілася, што ён знаходзіцца ў ЦІП для адбыцця адміністрацыйнага пакарання за ўдзел у акцыі, якая праходзіла ў Менску 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці Беларусі.

Апазіцыйны палітык таксама быў асуджаны завочна 26 верасня яшчэ на пяць сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі ў цэнтры сталіцы 8 верасня. Мерапрыемства праводзілася супраць беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017” і было прымеркавана да Дня беларускай вайсковай славы, які апазіцыя адзначае ў гадавіну гістарычнай бітвы пад Воршай.

Акцыя 8 верасня праводзілася ў знак пратэсту супраць беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017” і была прымеркавана да неафіцыйнага Дня беларускай вайсковай славы. Падчас акцыі ніхто з яе ўдзельнікаў затрыманы не быў. Аднак пазней за ўдзел у ёй былі асуджаныя апазіцыйны палітык Уладзімір Някляеў і магілёўскі актывіст Станіслаў Паўлінковіч. Някляеў адбыў сямісутачны арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, адкуль вызваліўся 22 верасня, Паўлінковіча пакаралі штрафам у 460 рублёў.

За ўдзел у акцыі супраць вучэнняў „Захад-2017” 28 верасня быў асуджаны апазіцыйны палітык Вячаслаў Сіўчык — суд Партызанскага раёна Менска пастанавіў спагнаць з яго штраф у памеры 45 базавых велічынь (1 тыс 35 рублёў.). Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Павел Севярынец асуджаны на 15 сутак арышту 2 кастрычніка судом Цэнтральнага раёна Менска, але затрыманы не быў. Таксама былі аштрафаваныя яшчэ некалькі апазіцыйных актывістаў.

БелаПАН