Мікалай Статкевіч: Пальчыс абараняў свой народ
Былы палітвязень Мікалай Статкевіч распавёў пра тое, якім можа быць прысуд Эдуарду Пальчысу.
Прысуд блогеру Эдуарду Пальчысу, якога праваабаронцы ўжо прызналі палітвязнем, магчыма, будзе агучаны 28 кастрычніка. Па неафіцыйнай інфармацыі, пракурор запатрабаваў для яго 3,5 года зняволення.
Нагадаем, што Эдуард Пальчыс абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў па ч.1 арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай розні) і ч.2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусі.
25 жніўня 2016 года суд Цэнтральнага раёна Менска разгледзеў справу аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863х.com. У выніку закрытага судовага пасяджэння 9 артыкулаў, размешчаных на дадзеным сайце, былі прызнаныя экстрэмісцкімі.
Суд распачаўся 14 кастрычніка, усе судовыя пасяджэнні праходзілі ў закрытым рэжыме.
Мікалай Статкевіч: Я ўвогуле не лічу, што Эдуарда павінны судзіць. Калі Расея пачала сваю агрэсію супраць Украіны, адпаведна і ўсе федэральныя СМІ перайшлі ў рэжым баявой ваеннай прапаганды. А ваенная прапаганда не абапіраецца на нейкія маральныя прынцыпы. Ёй трэба стварыць у грамадстве мярзотны вобраз саперніка, якога трэба знішчаць. Такая мэта прапаганды падчас вайны, і яна абрынулася праз расейскае тэлебачанне на мазгі не толькі расейцаў, але і беларусаў. І, калі гэта пачалося, дзяржава павінна была абараніць сваіх грамадзян, бо мы не ваюем, а займаем быццам бы нейтральную пазіцыю. Альбо хаця б дазволіць трансляцыю ўкраінскіх каналаў, каб быў баланс, і людзі паслухалі не толькі пазіцыю Расеі, але і Украіны.
РР: Дарэчы, было афіцыйна заяўлена, што пачне трансляцыю ў Беларусі адзін украінскі канал…
Мікалай Статкевіч: Але ж гэтага так і не адбылося. І вось у пэўным сэнсе функцыю дзяржавы бараніць беларусаў ад расейскай інфармацыйнай навалы ўзяў на сябе нікому невядомы блогер Эдуард Пальчыс. Калі ўлады самі не змаглі гэта зрабіць, то хаця б ціха ўзнагародзілі хлопца за тое, што ён рабіў. Але замест гэтага яны пакорліва зрабілі тое, што загадала Масква. І гэта абсалютна няправільна. Упэўнены, што ў тэкстах блогера няма ніякага распальвання нацыянальнай варожасці. Пальчыс проста абараняў свой народ – не больш за тое.
РР: Ці згодны вы з тымі, хто кажа, што Пальчыса ў любым выпадку адпусцяць на волю, бо сёння ўладам не патрэбны новы палітвязень?
Мікалай Статкевіч: Справа ў тым, што ўсё гэта адбываецца на вачах у Масквы. У Расеі, дзе затрымалі беларуса, яго б ужо даўно пасадзілі. Там вельмі раўніва ставяцца да падтрымкі такіх людзей. Таму Крэмль будзе ўважліва сачыць за тым, якое будзе выніковае рашэнне па справе Пальчыса. І прысуд можа быць розным…
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя