Мікалай Статкевіч: Патрэбны мірны пратэст, тады ўлада пачынае развальвацца
Апазіцыйны палітык, былы палітвязень Мікалай Статкевіч увечары 14 мая падаў у ЦВК дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Тое ж самае зрабіў яго прыхільнік з Маладэчна Віктар Шорац.
У ЦВК іх суправаджала больш за 100 чалавек — прыхільнікі Статкевіча, у тым ліку так званыя „кандыдаты пратэсту” з яго каманды.
Перад падачай дакументаў Статкевіч звярнуўся да прысутных з прыступак Дома ўрада, дзе размешчаны Цэнтрвыбаркам. Ён падкрэсліў, што мэта яго кампаніі — мірныя масавыя пратэсты.
„Патрэбны мірны пратэст, тады ўлада пачынае развальвацца, — заявіў палітык. — Каб пачаць мірныя масавыя пратэсты, трэба каб нас не чапалі — для гэтага ідуць гэтыя кандыдаты („кандыдаты пратэсту”. — БелаПАН.). Яны не ідуць збіраць галасы, яны ідуць, каб паставіць пікет, дынамік, і людзі маглі збірацца. Кожную нядзелю ў 12 гадзін у буйных гарадах краіны будзе магчымасць збірацца і гаварыць без усякай рызыкі. Калі туды стануць выходзіць дзясяткі тысяч, сітуацыя разгорнецца вельмі хутка”.
Выказваючы сваё стаўленне да правядзення масавых акцый падчас эпідэміі каронавіруснай інфекцыі, Статкевіч заявіў: „Лукашэнка горшы за вірус, нашмат. Ён заражае наўмысна наш народ, зганяе іх на парад і забараняе ім апранаць маскі. Так, ёсць рызыка, але без рызыкі нельга вярнуць свабоду”.
Сустрэча „кандыдатаў пратэсту” была ініцыяваная Статкевічам, пачалася каля 18.00 і доўжылася прыкладна гадзіну. Пасля падачы дакументаў у ЦВК палітык падзякаваў усім прысутным, назваўшы іх „лепшымі”.
У каментары БелаПАН Статкевіч паведаміў, што ў яго ініцыятыўнай групе-больш за 2.900 чалавек.
Што тычыцца іншых „кандыдатаў пратэсту”, то, паводле слоў палітыка, у спісах ініцыятыўных груп першых кандыдатаў было па 205 чалавек, затым — ужо па 540, але цяпер гэтых людзей сталі абзвоньваць, на іх аказваецца націск, каб яны адмовіліся ад удзелу ў ініцыятыўнай групе.
„Мы страцілі частку кандыдатаў: трох — хто сядзіць (затрыманых з 6 па 13 мая за ўдзел у мірных сходах у розных гарадах краіны. — БелаПАН.), яшчэ двое — на самаізаляцыі, двое — за мяжой, не могуць вярнуцца. Усяго пададзім прыкладна 27 кандыдатаў”, — паведаміў Статкевіч.
Заўтра — апошні дзень падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў.
8 мая Мікалай Статкевіч паведаміў БелаПАН, што ён і яго прыхільнікі будуць удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах „па ўласных правілах”, каб выкарыстаць наяўныя магчымасці ў агітацыйных мэтах для сустрэч з людзьмі. Паводле слоў Статкевіча, першапачаткова планавалася, што пасля таго, як Цэнтрвыбаркам не зарэгіструе ініцыятыўную групу па вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты з-за судзімасці, некалькі дзясяткаў яго прыхільнікаў зарэгіструюцца ў якасці „кандыдатаў пратэсту”. Пазней гэтыя планы былі скарэктаваныя.
Фота nn.by