Мікалай Статкевіч: Расея жыве катэгорыямі 19-га стагоддзя
“Перад выбарамі прэзідэнта ў 2018 годзе Расея захоча забраць Беларусь”, – такое меркаванне выказаў Мікалай Статкевіч у эфіры тэлеканала “Белсат”.
На думку палітыка, экс-кандыдата ў прэзідэнты і палітвязня, каб прадэманстраваць дасягненні, кіраўніцтва Расеі можа зрабіць захады па далучэнні Беларусі да складу Расейскай Федэрацыі:
– Расея жыве катэгорыямі 19 ст, калі думалі пра захоп тэрыторый. Яна разважае як і раней. Зараз узнікая такая сітуацыя, каб перад выбарамі 2018 года атрымаць хоць нейкі посьпех, таму кіраўніцтва Расеі захоча забраць беларускую тэрыторыю ў склад Расеі.
Цяпер уплыў Расеі на Беларусь каласальны. У палітычнай сферы ён ажыццяўляецца і праз так званую Саюзную дзяржаву, якая мае на мэце стварэнне агульнага парламенту, агульнага прэзідэнта, войска, фінансаў і так далей. На мэце Саюзная дзяржава ставіць скасаванне незалежнасці Беларусі і ўключэнне яе ў склад Расеі.
У эканамічнай сферы Беларусь цалкам залежыць ад Расеі. Беларуская эканоміка – стратная філія расейскай.
Беларуская культура знішчаецца, беларуская мова амаль знішчана. У краіне дамінуе расейская культура. Мы цалкам існуем у сферы расейскай масавай культуры. З 8 тэлеканалаў сацыяльнага бясплатнага пакету, які аплочвае Беларусь, 5 – расейскіх. Гэта вельмі небяспечная залежнасць.
“Расея за свае ўсё меншыя грошы патрабуе ўсё больш. І ўжо патрабуе нашую дзяржаву”, – заявіў Мікалай Статкевіч у эфіры “Белсату”.
Фота nn.by