Мікалай Статкевіч распавёў, як яго катуюць гукам
На рэальны дыялог з апазіцыяй Лукашэнка пойдзе толькі тады, калі яго будзе позна ратаваць ад народа, — лічыць Мікалай Статкевіч. Deutsche Welle змагла атрымаць адказы на свае пытанні ад беларускага апазіцыянера, які цяпер знаходзіцца ў турме ў Жодзіне. Палітык паведаміў пра ціск на яго і распавёў пра сваё бачанне будучыні Беларусі.
Беларускаму апазіцыйнаму палітыку і палітвязню Мікалаю Статкевічу ўдалося перадаць некалькі адказаў на пытанні Deutsche Welle. Статкевіч ужо больш за дзесяць месяцаў знаходзіцца ў турме №8 у горадзе Жодзіна.
11 сакавіка стала вядома, што Следчы камітэт (СК) завяршыў расследаванне справы „ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча і набліжаных да іх асоб”, аднак якія канкрэтна абвінавачанні прад’яўленыя Статкевічу, не паведамлялася.
Жонка палітыка Марына Адамовіч мяркуе, што яму перакваліфікавалі абвінавачанне — цяпер Статкевічу інкрымінуюць парушэнне часткі 1 Артыкул 293 КК „арганізацыя масавых беспарадкаў”, хоць раней ён праходзіў па 2 частцы гэтага ж артыкула — „удзел у масавых беспарадках”.
У перададзеных адказах Мікалай Статкевіч падзяліўся з DW сваім стаўленнем да ягонай крымінальнай справы, распавёў пра ціск на яго ў турме і даў ацэнку падзеям, якія адбываюцца ў Беларусі.
У турме на Статкевіча спрабуюць ціснуць
Абвінавачванні, якія ўлады прад’явілі Мікалаю Статкевічу, сам ён лаканічна называе „трызненнем”. На пытанне пра самаадчуванне ў турме апазіцыянер адказаў, што „дыктатар не дачакаецца”, аднак паведаміў пра спробы ціску: „У чэрвені 2020 года, яшчэ падчас адміністрацыйнага арышту, выкарыстоўваліся такія метады: пазбаўлялі сну, па 5–7 разоў за ноч забягалі ў камеру і стукалі дубінкамі па метале; не вадзілі ў душ, пазбаўлялі перадачы, прагулак, чытання. Былі і сілавыя сутыкнення”.
Цяпер, па словах Статкевіча, супраць яго ў турме ў асноўным выкарыстоўваюць гучны гук. „З рэпрадуктара круцяць запісу інтэрв’ю Лукашэнкі, пакаянні зняволеных, службовыя інструкцыі. Сіла гуку такая, што нават тэлевізару на максімальнай гучнасці не чуваць. Такое адбываецца толькі ў маёй камеры. Часам круцяць усю ноч, памяншаючы гучнасць, каб не перашкаджаць асуджаным у іншых камерах”, — распавёў апазіцыянер. І дадаў, што змог адаптаваць да такіх умоў, зрабіў сабе берушы з губкі для мыцця посуду.
Статкевіч: Беларусы не перамаглі, таму што Крэмль падтрымлівае Лукашэнку
Палітычнай дзейнасцю Мікалай Статкевіч займаецца ўжо даўно. У мінулым ён узначальваў адну з апазіцыйных партыяў. У 2010 годзе балатаваўся ў прэзідэнты Беларусі, а пасля жорсткага разгону ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў цэнтры Мінска ў снежні таго ж года быў арыштаваны і неўзабаве асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, адбыў з якіх больш за чатыры.
Сённяшняя сітуацыя ў Беларусі, на думку Статкевіча, істотна адрозніваецца ад падзей 2010 года. „Цяпер беларускі народ ведае пра тое, што ён за перамены, за змену ўлады, людзі хочуць свабоды. Беларусы пераканаліся ў тым, што з сябе ўяўляе ўлада. Не думаю, што нелегітымны ў нашых і сусветнай супольнасці вачах, эканамічна не самадастатковы рэжым зможа захаваць кантроль на працягу доўгага часу”, — адзначыў Статкевіч у інтэрв’ю DW.
Святлану Ціханоўскую ён называе „абраным прэзідэнтам, якому не далі заняць сваё месца”, аднак ацэньваць бягучыя дзеянні дэмакратычных сіл, знаходзячыся ў турме, апазіцыянеру цяжка. „На рэальны дыялог (з апазіцыяй) Аляксандр Лукашэнка пойдзе толькі тады, калі яго будзе позна ратаваць ад народа”, — лічыць Статкевіч. На ягоную думку, беларусы дагэтуль не перамаглі Лукашэнку толькі таму, што ў таго ёсць падтрымка Крамля.
Гаворачы аб развіцці палітычнага крызісу ў Беларусі, Статкевіч прагназуе ўзмацненне ціску на грамадства, павольную дэградацыю эканомікі і непазбежныя перамены: „Але ў цэлым наш народ чакае выдатная будучыня, бо мы яе заслужылі”. Беларусам, якія працягваюць барацьбу, Мікалай Статкевіч пажадаў „годнасці і волі”.
Пераклад novychas.by