Мікалай Статкевіч: Трэба прымусіць Лукашэнку спыніць фальсіфікацыю
Лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч удзельнічае ў сёлетняй парламенцкай кампаніі з прыцэлам на змаганне на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе.
Каманда палітыка наведвае пікеты незалежных кандыдатаў па ўсёй краіне для агітацыі за будучага кандыдата і адначасова запісвае прыхільнікаў у ініцыятыўную групу.
Мікалай Статкевіч заўважае, што дынаміка збору подпісаў вельмі добрая:
– У Мазыры і Калінкавічах пасля таго, як з’ехаў, у маю ініцыятыўную групу запісалася па 40 чалавек, а за дзень 235 па Беларусі ў 9-ці гарадах. Мы плануем 3-4 тысячы, мая ініцыятыўная група, па выніках збору подпісаў. Потым пяройдзем у інтэрнэт і да канца гэтых так званых выбараў хочам мець 10 тысяч ініцыятыўную групу, каб прымусіць Лукашэнку спыніць фальсіфікацыю змесціва выбарчых бюлетэняў.
Першая спроба вылучэння на прэзідэнцкіх выбарах у Мікалая Статкевіча была ў 2010 годзе. Паводле афіцыйных дадзеных, палітык набраў каля 1% галасоў. У выніку акцыі пратэсту, якая прайшла на Плошчы Незалежнасці ў дзень асноўнага галасавання 19 снежня 2010, Мікалая Статкевіча затрымалі і асудзілі на 6 гадоў калоніі за арганізацыю масавых беспарадкаў.
Беларускае Радыё Рацыя