Мікалай Статкевіч: У 2010 краіна была фактычна захоплена
“19 снежня 2010 году краіна была фактычна захопленая”, – пра гэта былы палітычны вязень, кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, які выйшаў на свабоду пасля амаль пяці гадоў зняволення, заявіў у час онлайн-канферэнцыі на сайце naviny.by.
[youtube id=”aHmepZq1QoY”]
Мікалай Статкевіч: – Што адбылося 19 снежня 2010 года? Чалавек і ягоныя памагатыя рэальна захапілі ўладу ў краіне, калі казаць тэрмінамі Крымінальнага кодэксу – гэта артыкул 357. Гэты чалавек незаконна падоўжыў свае канстытуцыйныя паўнамоцтвы. Фактычна, можна нават казаць, што краіна захопленая. Дзясяткі тысяч людзей, колькасць якіх у паведамленнях СМІ, у тым ліку недзяржаўных, змяншалася з гадамі, выйшлі пратэставаць супраць гэтага. Але на той момант, колькасць 80 тысяч была блізкая да рэальнасці, бо натоўп заняў усю прастору паміж дзвюма плошчамі – Кастрычніцкай і Незалежнасці. Безумоўна, гэта людзі, якія незаконна ўтрымліваюць уладу, на мой погляд. Яны напусцілі свае ўзброеныя структуры на гэтых людзей. Людзі змагаліся за свабоду, яны заплацілі сваю плату за свабоду, яны пацярпелі за свабоду. Я ўдзячны ім, бо яны здзейснілі ўчынак, якога нельга саромецца – ім трэба ганарыцца. Вельмі шкада, што я не змог зберагчы гэтых людзей ад таго, што было, але ўсялякая свабода мае кошт. Мы сваю плату заплацілі 19 снежня, некаторыя плацілі і плацяць дагэтуль – я маю на ўвазе і тых, хто вымушаны быў пакінуць Беларусь, тых, хто страціў працу.
«Але падораную свабоду не захаваеш. Людзі змагаліся за яе і будуць змагацца далей. Таму што прага свабоды – гэта асаблівасць пэўнага адсотка людзей, яна нікуды не знікне,» – сказаў Мікалай Статкевіч.