Мікалай Статкевіч у лістах з турмы разважае пра адзінага кандыдата
Палітычны зняволены, былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч лічыць, што апазіцыя павінна вылучыць для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі адзінага кандыдата. Па меркаванню палітыка, асоба адзінага можа быць выбрана з сённяшніх ці былых палітычных зняволеных.
Жонка палітыка, Марына Адамовіч, кажа, што думкі пра тактыку і стратэгію прэзідэнцкай кампаніі Мікола Статкевіч развівае ў сваіх апошніх лістах:
– Калі кампанія накіраваная на перамогу, то павінен быць адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў як персаніфікаваная альтэрнатыва існай уладзе. І чалавек, які не павінен быць прэвентыўна арыштаваны. Ён сказаў пры ўручэнні пасведчання, і я нагадаю: я не буду клоўнам у вашым балагане. І заўсёды казаў, што ўлада сама піша сцэнар і сама выбірае сабе партнёраў.
Па меркаванню Мікалая Статкевіча, адзіны прэтэндэнт ад апазіцыі, вылучаны з шэрагу палітзняволеных, можа зламаць гэты сцэнар.
А адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы такога кандыдата дасць права апазіцыі яшчэ да дня галасавання абгрунтавана не прызнаваць гэтых выбараў і байкатаваць іх. Гэты крок таксама прыцягне ўвагу да праблемы палітычных зняволеных, – адзначае Марына Адамовіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя