Статкевіч прапанаваў сваё бачанне дзеянняў апазіцыі
Палітзняволены былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч у лісце з Магілёўскай калоніі прапанаваў сваё бачанне дзеянняў апазіцыі падчас будучай прэзідэнцкай кампаніі, – кажа жонка палітыка Марына Адамовіч.
Па яе словах, да гэтых развагаў яго падштурхнулі апошнія рашэнні Аб’яднанай грамадзянскай партыі і партыі левых „Справядлівы свет” не ўдзельнічаць у працэдуры абрання адзінага кандыдата ад апазіцыі.
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька таксама прапанаваў падтрымаць кандыдатуру Мікалая Статкевіча ў якасці адзінага. Статкевіч выказаў яму падзяку за падтрымку, а таксама спадзяванне, што апазіцыя ўсё ж здолее дамовіцца па адзіным кандыдаце:
– Але, калі ўжо настолькі далёка зайшлі гэтыя справы, то можна абраць двух-трох тэхнічных кандыдатаў. Ён лічыць, што мінулая кампанія паказала, што для агітацыі шмат дэмакратычных кандыдатаў – гэта добра. Кожны з іх далучае да працы сваіх людзей, свой рэсурс, выступ на тэлебачані і плошчу ў афіцыйных газетах.
“Аднак у дзень галасавння шмат кандыдатаў – гэта кепска, – піша Мікалай Статкевіч. – І яны могуць зняцца з выбараў, калі ўчастковыя выбарчыя камісіі будуць сфармаваныя, як заўжды. Таму яшчэ застаецца поле для кампрамісаў і для нейкіх агульных дамоўленасцяў падчас наступнай выбарчай кампаніі,” – лічыць палітык.
Мікалай Статкевіч, кандыдат ў прэзідэнты на выбарах 2010 года, адбывае 6 гадовы тэрмін ў магілёўскай калоніі. Прызнаны палітвязнем.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя