Мікалай Статкевіч: Я заклікаю да грамадзянскага супраціву



Палітвязень Мікалай Статкевіч выступіў са зваротам да беларусаў з нагоды выбараў.

Мікалай Статкевіч

Шаноўныя сябры!

Хачу падзякаваць усім, хто ўвайшоў у склад ініцыятыўнай групы па маім вылучэнні.

Я разумею, што ў нашым напалоханым грамадстве гэта – учынак і дзякую ўсім, хто здзейсніў гэты ўчынак. Такая падтрымка важная не толькі для мяне, але і для ўсіх тых, хто знаходзіцца ў зняволенні з-за сваіх перакананняў.

Будзем шчырымі, удзел апазіцыі ў апошніх прэзідэнцкіх кампаніях меў сэнс, найперш, як магчымасць арганізаваць масавы пратэст супраць шоу, у якое ўлады ператварылі выбары, і паспрабаваць вярнуць краіну да дэмакратыі.

Цяпер ніводны з альтэрнатыўных кандыдатаў такой задачы не ставіць. Я не бачу вялікага сэнсу ў такім удзеле. Акрамя таго, удзел часткі апазіцыі робіць малаэфектыўным байкот выбараў. У такіх варунках я заклікаю тых, хто не згодзен з роляй статыстаў у чарговым спектаклі, да грамадзянскага супраціву.

Я заклікаю тых, хто ўсё ж прыйдзе альбо будзе вымушаны прыйсці на выбарчыя ўчасткі, зрабіць свой допіс у бюлетэні для галасавання, які б выразна сведчыў аб непрыманні палітыкі правячага рэжыма. Упэўнены, што калі гэты сігнал будзе масавым, ён дойдзе да адрасата.

Будзьце вольнымі ў сваіх поглядах і паводзінах. Калі вольных людзей зробіцца дастаткова, мы здолеем здабыць волю і для краіны.

Мікалай Статкевіч г. Магілёў, 23 ліпеня 2015