Мікалай Статкевіч заклікае апазіцыю да яднання



Аргкамітэт Кангрэса дэмакратычных сіл Беларусі звярнуўся да сябраў розных дэмакратычных арганізацый краіны са зваротам. Галоўны заклік звароту – гэта яднанне праз удзел у кангрэсе, як кажа палітык і былы палітвязень Мікалай Статкевіч. На яго думку, у сітуацыі рэальнай пагрозы незалежнасці краіны прадстаўнікі апазіцыі сварацца з-за дробязяў ды асабістых амбіцый:

– І вось узнікла такая сітуацыя: на кангрэс паедуць дэмакратычныя актывісты ўсіх партыяў, без выключэння. Але пакуль не збіраюцца браць удзел у ім кіраўнікі часткі дэмакратычных партыяў. І атрымліваецца, што мы нейкім чынам можам справакаваць працэсы дэстабілізацыі і расколу ўнутры часткі партыяў. Таму сэнс гэтага звароту ў тым, што мы даём сігнал актывістам, партыям і арганізацыям, што пакінем ім месца ў той каардынуючай структуры, якая будзе створана кангрэсам.

Прыгадаю, што летась у снежні група вядомых прадстаўнікоў культуры і грамадскіх дзеячаў заклікала апазіцыю да кансалідацыі і правядзення Кангрэса дэмакратычных сілаў. Апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі пра стварэнне аргкамітэта для падрыхтоўкі кангрэса. У той жа дзень Статкевіч паведаміў, што ў аргкамітэт пагадзіліся ўвайсці Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў і Генадзь Фядыніч.

Беларускае Радыё Рацыя