Мікалай Статкевіч заклікае на акцыю памяці (абноўлена)



Мікалай Статкевіч працягне “тэрапію страху”. На думку былога палітвязня, пратэстныя акцыі варта праводзіць менавіта ля тых месцаў у Менску, якія атаясамліваюцца ў грамадстве з гвалтам, ціскам ды рэпрэсіямі. Сёння Статкевіч прапануе наведаць два знакавыя пункты – будынкі, дзе працавалі зніклыя палітыкі Юрый Захаранка і Віктар Ганчар. Гэта  Міністэрства ўнутрных справаў і Цэнтрвыбаркам.

– Я думаю, са свечкамі будзем хадзіць ды са знічамі, каб не патухлі. Фармат будзе падобны да акцыі ля КДБ. Збіраемся ўсе разам і ідзем да гэтых месцаў.

Па словах Мікалая Статкевіча, у спісе месцаў страху ёсць яшчэ адзін пункт у Менску, але ён застанецца напаследак. Сённяшняя акцыя прысвечана гадавiне рэферэндуму 1996 года, які даў нязменнаму кіраўніку Беларусі неабмежаваную ўладу. Збор а 18-ай гадзіне па менскім часе каля ГУМа.

* * *

Чарговая акцыя без санкцыі. У Менску 24 лістапада пройдзе мемарыяльнае шэсце. Яго арганізатарам выступіў былы палітвязень Мікалай Статкевіч.

– 24 лістапада 1996 года ў Беларусі прайшоў рэферэндум. Па выніках гэтага рэферэндуму была так зменена Канстытуцыя, што яе проста не стала. У Беларусі была ўсталявана дыктатура. І тыя, хто найбольш гэтаму супраціўляўся, спачатку пазбаўляліся пасады, а пасля знікалі. Гэта Юрый Захаранка – міністр унутраных спраў, Віктар Ганчар – старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Мікалай Статкевіч прапануе падысці са знічамі да месцаў працы двух зніклых палітыкаў. То бок, да будынкаў Міністэрства ўнутраных спраў і Цэнтрвыбаркама. Акцыя пачнецца ў бліжэйшы аўторак а 18 гадзіне па менскім часе каля сталічнага ГУМа.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота spring96.org