Мікалай Статкевіч: Зацісканне свабод у краіне вядзе да знешняй акупацыі
Напярэдадні спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці, выступаючы ў Жэневе, заявіў, што беларускі рэжым не дасягнуў ніякага прагрэсу ў пытанні грамадзянскіх свабод. Кіраўнік Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалай Статкевіч адзначае, што дзеянні рэжыму па зацісканні свабод у краіне могуць прывесці да знешняй акупацыі Беларусі з боку Расеі:
– Унутраная акупацыя рэжымам прывяла да скасавання ўсіх свабод, у тым ліку і эканамічных. Краіна дэградуе эканамічна. Улада зрабілася свядома філіяй расейскай дзяржавы. Эканоміка – філія расейская. Войска ў маральным, выхаваўчым плане – філія расейскага войска. У інфармацыйным полі ў нас цалкам дамінуе Расея. Ніколі болей! Нам хапіла тых жудасных гадоў акупацыі. І зараз нам 20 гадоў яшчэ вось гэтай больш мяккай акупацыі ўнутранай, якая можа перайсці ў жорсткую. Хопіць! За вызваленне!
Сярод усіх аспектаў залежнасці ад Расеі, на думку Мікалая Статкевіча, няма болей ці меней важных. Усе яны маюць важнае значэнне і не дазваляюць Беларусі развівацца, ісці ўласным шляхам.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск