Мікалай Улаховіч: Я ўжо перамог



Кандыдат у прэзідэнты ад „Беларускага казацтва” завітаў у Гомель. У актавай зале Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Сухога сабраліся студэнты і выкладчыкі, каб паслухаць прэтэндэнта на прэзідэнцкае крэсла. Пачынаючы свой выступ, Мікалай Улаховіч заявіў адразу, што ўжо перамог у выбарах:

– Я ўжо перамог. Мы змаглі за гэты час паказаць нашаму беларускаму народу Беларускую патрыятычную партыю, паказалі грамадскае аб’яднанне „Беларускае казацтва”. Сёння паказваем новыя твары на тэлебачанні, на радыё. Не тых нацпатрыётаў, якія з таго боку, а новых людзей, якія заўтра пачнуць партыйнае будаўніцтва. Да гэтага мы і ідзём.

Студэнты, якія прысутнічалі на сустрэчы з кандыдатам, па заканчэнні мерапрыемства падзяліліся сваімі ўражаннямі ад прамоваў кандыдата.

– Нам не падабаецца. Чалавек не адказаў ні на адно пытанне.

– Першае ўражанне даволі добрае. У першую чаргу мне спадабаўся ягоны характар.

– Занадта шмат жаргонных словаў: “кароче”, “нефиг”, “типа”. Гэта ўвогуле неканструктыўная лексіка.

Мікалай Улаховіч узначальвае Беларускую патрыятычную партыю з 1999 года і арганізацыю „Беларускае казацтва” ад моманта ўтварэння ў 1995 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота xn--j1aidcn.org