Хочам мець роўныя ўмовы з ініцыятыўнай групай Лукашэнкі



Сябра ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі дамагаецца роўных умоваў пры асвятленні выбарчай кампаніі. Мікалай Уласевіч накіраваў зварот у Смаргонскі райвыканкам і раённую газету. У ім актывіст патрабуе змясціць на іх сайтах інфармацыю пра збор подпісаў за прэтэндэнта ў прэзідэнты, старшыню АГП – Анатоля Лябедзьку. Паколькі сайты інфармуюць толькі пра аднаго кандыдата – дзейнага кіраўніка, – кажа Мікалай Уласевіч:

Там быў змешчаны фотаматэрыял і нават відэа-ролік. Я сумесна з маім калегам з Ашмян Іванам Сташкевічам таксама правялікі пікет у Смаргоні. І адпаведна лічым, што мы павінны таксама недзе там прагучаць, у Смаргонскім раёне ў прыватнасці, так як гэта паведамілі ў дачыненні да кандыдата Лукашэнкі. Мы хочам, каб інфармацыя пра кандыдата Лябедзьку была таксама змешчаная як інфармацыйны матэрыял для выбарцаў.

 Мікалай Уласевіч адзначае, што не вельмі разлічвае на пазітыўны адказ з райвыканкама. „Гэта будзе праверка, ці сапраўды ў нас усё робіцца чэсна і справядліва”, – дадае актывіст.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя