Мікалая Аўтуховіча трымаюць у поўнай ізаляцыі
Праваабаронца, старшыня прафсаюзу РЭП Васіль Завадскі чарговы раз адправіў у следчы ізалятар КДБ пасылку для зняволенага грамадскага актывіста Міколы Аўтуховіча.
Яго трымаюць у поўнай ізаляцыя. Адмаўляюць не толькі ў сустрэчы з адвакатам, але не прымаюць нават перадачы. Таму Васіль Завадскі не ўпэўнены, што і яго пасылка дойдзе:
– Пасылку я адправіў, а вось ці дойдзе яна да Міколы Аўтуховіча, ці яе вернуць, як вярнулі роднай сястры па незразумелых прычынах, я, канешне, не ведаю. Але разам з тым проста сядзець і назіраць немагчыма. Таму будзем працягваць спробы дапамагаць чалавеку. На спатканне трапіць робіць спробы адвакат. Адмоўлена па розных надуманых прычынах. А цяпер як бы кажуць, што там каранцін аб’яўлены і наогул адваката не пускаюць, што наогул парушае артыкул 62 Канстытуцыі нашай краіны.
Такое стаўленне ў многіх выклікае меркаванні, што адмовы ў сустрэчы з адвакатам звязаны са станам здароў’я Міколы Аўтуховча. Яно магло значна пагоршыцца пасля допытаў, на якіх ў яго дамагаліся прызнання ў тэрарызме. І гэтыя нібыта прызнанні паказалі па тэлебачанні. Але адначасова было бачна, што стан Аўтуховіча вельмі кепскі.
Васіль Завадскі падкрэсліў, што насамрэч такая „блакада” дае падставы думаць пра што заўгодна – і пра каранцін і пра больш горшыя рэчы. Але галоўнае, што ні кіраўнік КДБ, ні тым больш, кіраўнік следчага ізалятару КДБ не надзелеы паўнамоцтвамі адмяняць палажэнні Канстытуцыі ці законаў, – кажа Васіль Завадскі.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск