Мікалая Казлова дапыталі па крымінальнай справе аб стварэнні КР
Лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалая Казлова 30 снежня дапыталі ў Следчым камітэце ў межах крымінальнай справы па факце стварэння Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне (КР), членам асноўнага складу якой ён з’яўляецца.
Як паведаміў Казлоў БелаПАН, допыт доўжыўся прыблізна тры гадзіны. Лідар АГП адмовіўся даваць паказанні супраць сябе і не стаў падпісваць выніковы пратакол допыту. Таксама ён адмовіўся даць падпіску аб неразгалашэнні.
„Тое, як арганізавалі мой допыт у якасці сведкі, на мой погляд, недапушчальна. Усімі шляхамі яны настойвалі і спрабавалі прымусіць мяне даць падпіску аб неразгалашэнні. Я так разумею, мая адмова для некаторых супрацоўнікаў Следчага камітэта стала асноўнай праблемай, — расказаў Казлоў. — Таксама я спаслаўся на сваё канстытуцыйнае права не даваць паказанняў у адносінах да сябе, таму што лічу гэтую крымінальную справу сфальсіфікаванай, надуманай і палітычна матываванай. І распачатая яна толькі для таго, каб зрабіць націск на палітычных апанентаў і прыкрыць сваё бязмежжа”.
Паводле яго слоў, патрабуючы падпіску аб неразгалашэнні, праваахоўныя органы „зацікаўленыя перш за ўсё ў тым, каб грамадства не ведала, наколькі гэтая справа незаконная і абсурдная”. „Больш за ўсё мяне абурыла, калі следчы на сваё разуменне стала кроіць пратакол допыту. Гэта проста невыносна. Я не збіраюся з гэтым беззаконнем мірыцца і неяк з імі супрацоўнічаць”, — заявіў лідар АГП.
Ён дадаў, што зноў выкліканы на допыт у 10.00 5 студзеня.
Раней у снежні ў СК былі выкліканыя іншыя члены Каардынацыйнай рады, у тым ліку кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, уладальнік крамы Symbal.by Павел Белавус, музыкант Уладзімір Пугач. Усе трое далі падпіску аб неразгалашэнні.
Генеральная пракуратура распачала крымінальныя справы „па фактах стварэння экстрэмісцкага фармавання і кіравання ім, фінансавання яго дзейнасці з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”. Інфармацыю пра гэта прэс-служба Генпракуратуры распаўсюдзіла 21 снежня.
„Генеральная пракуратура з улікам даных, атрыманых падчас расследавання Следчым камітэтам крымінальнай справы ў дачыненні да членаў так званай каардынацыйнай рады згодна з ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса, прыняла рашэнне аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да Ціханоўскай С.Р., Калеснікавай М.А., Знака М.А., Латушкі П.П., Кавальковай В.А., Дылеўскага С.А. і іншых асоб па факце стварэння экстрэмісцкага фармавання і кіравання ім, гэта значыць здзяйснення злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса”, — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначалася, што „ў дачыненні да Лявончыка А.Л. і іншых грамадзян Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу ў сувязі з фінансаваннем дзейнасці экстрэмісцкага фармавання па арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса”.
Для арганізацыі папярэдняга расследавання крымінальныя справы перададзеныя ў цэнтральны апарат Следчага камітэта.
Акрамя таго, на даручэнне Генпракуратуры СК распачаў крымінальную справу „ў дачыненні да членаў так званай каардынацыйнай рады і іншых асоб паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса — змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”.
Святлана Ціханоўская — кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2020 года, ініцыятар стварэння Каардынацыйнай рады (вымушана пакінула краіну пасля выбараў). Марыя Калеснікава, Максім Знак — члены прэзідыума Каардынацыйнай рады, знаходзяцца пад арыштам; Павел Латушка, Вольга Кавалькова, Сяргей Дылеўскі — члены прэзідыума КР, знаходзяцца за мяжой. У склад прэзідыума ўваходзяць таксама не згаданыя ў паведамленні Генпракуратуры лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч (знаходзіцца за мяжой) і юрыст Лілія Уласава (адпушчаная з СІЗА КДБ, застаецца абвінавачанай). Аляксей Лявончык — прадстаўнік фонду дапамогі ахвярам гвалту і рэпрэсій By_help (знаходзіцца за мяжой).
Частка 3 артыкула 361 Крымінальнага кодэкса (на яе падставе была распачатая справа 20 жніўня, на наступны дзень пасля стварэння КР) — заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт (пакаранне: ад двух да пяці гадоў пазбаўлення волі).
Частка 1 артыкула 361-1 КК — стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо кіраванне такім фармаваннем ці яго структурным падраздзяленнем (абмежаванне волі да пяці гадоў або пазбаўленне волі ад трох да сямі гадоў).
Артыкул 361-2 КК — фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі ад трох да шасці гадоў).
Частка 1 артыкула 357 КК — змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (пазбаўленне волі ад васьмі да 12 гадоў).