Мікалая Статкевіча будуць судзіць за ўдзел у акцыі з нагоды Дня Волі



У судзе Цэнтральнага раёна Менска 8 красавіка адбудзецца разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да былога кандыдата ў прэзідэнты і палітвязня Мікалая Статкевіча за ўдзел у вулічнай акцыі 25 сакавіка з нагоды Дня Волі.

Мікалай Статкевіч

Апавяшчэнне аб даце суду палітык атрымаў з дапамогай смс-паведамлення. „Хакеры зусім зрабіліся нахабнымі, — заявіў Статкевіч, — шлюць мне на тэлефон спам, я абураны іх дзеяннямі. Чакаю, калі ў мяне арыштуюць тэлефонны рахунак, каб я перастаў атрымліваць іх паведамленні. Праўда, адчуваю, гэта не здарыцца, таму што больш слаць мне спам ім не будзе куды”.

Паводле слоў Статкевіча, дома ў яго стацыянарная тэлефонная сетка выкарыстоўваецца толькі для падключэння да інтэрнэта, хоць яму прапаноўвалі „ўключыць тэлефон па прызначэнні”. Статкевіч падкрэсліў, што на спам рэагаваць не будзе, не павядзецца „на гэту правакацыю”. „Сёння ж 1 красавіка, гэта быў жарт”, — іранічна адзначыў ён.

Як раней паведамлялася, складзеныя завочна пратаколы за ўдзел у акцыі 25 сакавіка з нагоды Дня Волі атрымалі і іншыя палітыкі і грамадскія актывісты, у прыватнасці сустаршыня аргкамітэта па стварэнні Партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец, грамадскія актывісты Леанід Кулакоў, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька.

Першапачаткова шэсце на Дзень Волі планавалася ад Акадэміі навук па праспекце Незалежнасці да парка Янкі Купалы, аднак Менгарвыканкам змяніў маршрут, прапанаваўшы арганізатарам сабраць людзей каля кінатэатра „Кастрычнік” і прайсці па вуліцы Сурганава да парка Дружбы Народаў каля плошчы Бангалор і правесці мітынг. Арганізатары назвалі рашэнне гарвыканкама правакацыйным і заклікалі грамадзян сабрацца на пляцоўцы каля кінатэатра „Кастрычнік”, што дазволена ўладамі, і ўжо на месцы вызначыцца з маршрутам шэсця. У той жа час адзін з лідэраў апазіцыі, былы палітвязень Мікалай Статкевіч, заявіў аб намеры ускласці кветкі да помніка Янку Купалу ў аднайменным скверы, каб выказаць падзяку заснавальнікам БНР і дзеячам нацыянальнага адраджэння, а затым далучыцца да ўдзельнікаў асноўнай акцыі. Статкевіч, Севярынец і Лябедзька прымалі ўдзел ва ўскладанні кветак да помніка Янку Купалу, выступіўшы каля яго перад іншымі ўдзельнікамі мерапрыемства.

belapan.by