Мікалая Статкевіча пакаралі чарговым арыштам (абноўлена)
У судзе Ленінскага раёна Менска пад старшынством суддзі Андрэя Камушкіна адбыўся працэс над апазіцыйным палітыкам. Але без яго ўдзелу, паколькі Статкевіч ужо адбывае 15-суткавы адміністрацыйны арышт за ўдзел у вулічнай акцыі 3 ліпеня ў Менску. Сёння яго судзілі за акцыю 8 верасня супраць расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў “Захад-2017”.
На судзе прысутнічалі толькі паэт і палітык Уладзімір Някляеў і карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя.
Кажа Уладзімір Някляеў:
– Людзі псіхалагічна стаміліся. Гэта адно. А другое палягае на тым, што апазіцыя, якая ўсё больш набывае жаданыя для Лукашэнкі абрысы канструктыўнай, перавяла сваю дзейнасць у офісны рэжым. І ўжо калі на акцыі кіраўнікі тытульных апазіцыйных структур не ходзяць, чаго яны будуць хадзіць на суды?
Мікалая Статкевіча асудзілі за 15 хвілін на пяць сутак арышту. Тэрмін адбыцця арышту, паводле суддзі, лічыцца з моманту абвяшчэння прысуду.
Але жонка палітыка – Марына Адамовіч – не выключае, што чарговы арышт адбудзецца перад 21-м кастрычніка, каб палітык не змог узяць удзел у анансаванай акцыі “Марш абураных беларусаў 2.0”.
Чаму ніхто не прыйшоў на суд – у далучаным гукавым файле:
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара
***
Сустаршыня “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” Павел Севярынец лічыць, што Статкевіча незаконна асудзілі за мірныя акцыі:
– Людзей бяруць у закладнікі, даюць ім арышты за мірныя дэманстрацыі, прычым робяць гэта, калі сам Статкевіч знаходзіцца за кратамі. Суддзя як быцца бы нічога не ведае, кажа, мы павестку дасылалі, а ён чамусьці не прыйшоў у суд. Ну гэта здзек. Гэта проста здзек з правасуддзя. Канешне, называць судом гэтае судзілішча ў мяне проста не павернецца язык.
Падчас самой акцыі супраць беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў нікога не затрымлівалі. Аднак за ўдзел у ёй пазней асудзілі Уладзіміра Някляева і магілёўскага актывіста Станіслава Паўлінковіча: першага прысудзілі да арышту на сем сутак, другога да штрафу ў 460 рублёў.
На 28 верасня прызначаны суд над актывістам Вячаславам Сіўчыкам.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя