Мікалаю Статкевічу і Дзмітрыю Казлову выставілі абвінавачванні ў крымінальнай справе



Апазіцыйнаму палітыку Мікалаю Статкевічу і блогеру Дзмітрыю Казлову (Шэры Кот) 8 ліпеня выставілі абвінавачанні ў рамках „справы Ціханоўскага”.

Як паведаміў БелаПАН адвакат Уладзімір Сазанчук, абодвум выстаўленае абвінавачанне па частцы 1 артыкула 342 КК (падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

„Віну ні адзін, ні другі не прызнаў. Думаю, што там ніхто не прызнае па гэтай справе”, — сказаў Сазанчук.

Паводле яго слоў, з абодвума падабароннымі ён сёння бачыўся. На пытанне аб іх самаадчуванні, адвакат адказаў: „Вядома, пасля таго здзеку, што адбываўся ў адносінах да аднаго і другога ў ЦІП у дачыненні да адбыцця адміністрацыйнага арышту, то тут у іх пытанняў і прэтэнзій да адміністрацыі няма. Тут больш-менш усё па-людску, так скажам, — і прагулкі, і пагаліцца, і памыцца. Хлопцы пасля таго тут адпачываюць, калі так можна сказаць”.

На мінулым тыдні Сазанчук выступіў з адкрытым лістом, у якім паведаміў аб тым, што яго не дапускаюць да абароны Казлова, бо адвакат адмаўляецца аформіць падпіску аб невыдаванні дадзеных папярэдняга следства. На думку Сазанчука, для гэтага няма прававых падстаў.

На ўдакладняльнае пытанне, ці ўзятая з яго падпіска, Сазанчук адказаў: „Падпіску аб невыдаванні па гэтай справе не даваў. Але да абароны дапусцілі ўсё-такі. Даслалі паперу аб пакаранні мяне ў калегію нашу (адвакатаў.  БелаПАН.), каб разабраліся, што я такі дрэнны, але прававых падстаў не дапусціць да абароны ў іх нібыта як няма”.

Паводле яго слоў, калегія пакуль ніяк не адрэагавала на ліст са Следчага камітэта. „Гэта ж не так проста, гэта ж працэдура, тлумачэнні, тэрміны”, — растлумачыў адвакат.

Статкевіч павінен быў 30 чэрвеня выйсці на волю пасля адбыцця 30 сутак адміністрацыйнага арышту, аднак яго не выпусцілі. За дзень да гэтага, 29 чэрвеня, палітыка прызналі падазраваным паводле часткі 1 артыкула 342 КК і арыштавалі. Як паведаміў тады Сазанчук, Статкевіч падазраецца ў падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, па папярэдняй змове з відэаблогерам Сяргеем Ціханоўскім.

„Ужо цяпер мае калегі пайшлі на выстаўленне абвінавачанняў некалькім блогерам. Усё гэта ўжо аб’яднана ў адну справу, гучыць жа тэкст падазрэння аднолькавы. Цалкам магчыма, што хутка абвесцяць аб злучэнні спраў, аб групе і г.д.”, — сказаў Сазанчук.

30 чэрвеня таксама стала вядома, што youtube-блогер з Барані (Аршанскі раён, Віцебская вобласць) Дзмітрый Казлоў (Шэры Кот) з’яўляецца яшчэ адным фігурантам справы па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса.

Такім чынам, паводле дадзеных праваабаронцаў, ужо 17 чалавек знаходзяцца пад вартай у межах крымінальных спраў па артыкуле 342. Гэта блогеры Сяргей Ціханоўскі, Уладзімір Няронскі, Сяргей Пятрухін, Аляксандр Кабанаў, Уладзімір Цыгановіч, Дзмітрый Казлоў, Ігар Лосік, затрыманыя пасля інцыдэнту ў Гародні Дзмітрый Фурманаў, Вяргілій Ушак, Арцём Сакаў, Аляксандр Арановіч, Уладзімір Навумік, Васіль Баброўскі, Яўген Разнічэнка, Уладзімір Кніга, Андрэй Новікаў, палітык Мікалай Статкевіч. 13 з іх прызнаныя палітычнымі зняволенымі.